Эканоміка з Чалым

13 лютага

Што пагражае эканамічнаму развіццю Беларусі і з чым сыходзяць інвестары з краіны

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі прыгонных, якія разбягаюцца, і нечаканасці на валютным рынку.

У студзені 2025 года беларусы прадалі валюты ўсяго на $23,1 млн больш, чым набылі, а Аляксандр Лукашэнка выявіў, што замежныя інвестары, якія сыходзяць з Беларусі, выводзяць за мяжу значныя сумы. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:04 З Беларусі вывозяць грошы
06:30 ВУП на душу насельніцтва расце
11:00 Далейшая стратэгія развіцця краіны
14:00 Кадравая палітыка Лукашэнкі
20:40 Старшыня выканкама — «прэзідэнт» на месцы

У насельніцтва ручаёк наяўнай валюты вычэрпваецца

«Ёсць дадзеныя па продажах і куплі замежнай валюты. Самыя цікавыя дадзеныя (гэта студзень пакуль) — гэта фізасобы. Вядома, прадалі на $23 млн больш, чым набылі. Трэба разумець, што ў нас жа былі добрыя часы па $200 млн у месяц здавалі беларусы наяўных і безнаяўных.

У мінулым годзе гэтая тэндэнцыя крыху паменшылася, але ўсё роўна было досыць шмат у месяц — $1,7 млрд атрымалася па выніках года. Ну, $23 млн — гэта, у любым выпадку, паводзіны досыць нечаканыя, якія, у прынцыпе, тэарэтычна... Я нават гатовы пагадзіцца з [эканамістам] Дзмітрыем Круком, які каментаваў гэтую тэму, што ручаёк наяўнай валюты можа ў насельніцтва паволі вычэрпвацца.

І мне вельмі падабаецца прагноз Дзмітрыя пра тое, што па меры таго, як становіцца зразумела, што з валютным рынкам адбываецца нешта не тое, высветліцца, што трэба дзесьці па засеках скрэбці. І <...> яны там заяўляюць — намеснік старшыні "Беларусбанка", дэпутатка Менскага гарсавету сказала, што сёння эканоміцы нашай краіны долары і еўра ўжо не цікавыя. 

Ну, мы ж ведаем, псіхалагічна такія словы вымаўляюцца, як правіла, у канцы тэндэнцыі, калі вось-вось яны ўжо стануць зноў цікавыя. <...> Давайце паглядзім на вашыя дзеянні. Ёсць жа статыстыка Нацбанку, які збірае дадзеныя па справаздачы ўстойлівасці банкаў, дзе бачная адкрытая, чыстая і агульная валютная пазіцыя банкаў. І што б вы думалі? Яна на працягу года не змянялася. Ну, неяк не падобна, каб яна (валюта — рэд.) губляла значнасць хоць бы для вас саміх, якія пра гэта расказваеце».

Пра інвестараў, якія сыходзяць, і вывад мільёнаў

«Высветлілася, што за год за мяжу былі выведзеныя грошы. Не дзясяткі мільёнаў грашовых сродкаў, як выкладалася раней. Кажа [Аляксандр Лукашэнка]: "Далажылі, што няма праблем: калі і вывелі за год, 15 мільёнаў ці колькі. Аказваецца, не мільёны, а сотні мільёнаў". Аказваецца, у іх там не закрыты пералом, а адкрыты пералом, разумееш? Вочы адкрылі Лукашэнку. А ён жа даручаў не дапускаць, каб замежныя інвестары, якія сыходзяць з Беларусі, неабгрунтавана выводзілі валютныя сродкі. Мне вельмі падабаецца вось гэта "неабгрунтавана выводзім". 

А хто будзе вырашаць абгрунтавана або неабгрунтавана? Гэта іх уласныя грошы. Хаця стоп, пачакай, як іх грошы? Аказваецца, таксама не вельмі. Дывідэнды выводзяць. Яны што, асабіста самі зарабілі гэтыя грошы? І тут мы разумеем, што гэта роўна да гэтага ж ішло. Колькі разоў казалі пра гэта, што гэта <...> на нашай тэрыторыі, нашымі людзьмі. А вы, можна сказаць, проста эксплуататары крывавыя. І мы павінны вас неяк раскулачыць, мабыць. Мізэрны заробак нашым людзям заплацілі, самі з’ехалі за мяжу, яшчэ і грошы вывелі. 

Гэта што, нармальна? Ну, сапраўды, хіба гэта нармальна, калі з краіны замежныя інвестары сыходзяць за мяжу і выводзяць грошы? Вядома, ненармальна!» 

Прыгонныя разбягаюцца — кармавая база сыходзіць

«І мы ж цяпер разумеем, што вось гэтая апошняя хваля міграцыі — гэта продаж бізнесу. І мы бачым кавярня, цырульня, барбершоп, крама. <...> Мы тут бізнес закрываем, а ў тым месцы, дзе апынуліся, яго адкрываем. Вось табе і вываз капіталу. 

Ну што ж гэта такое? Гэта ж прыгонныя разбягаюцца. Кармавая база сыходзіць. Увогуле, чаго тут чакаць? Ва ўмовах таго, што саромецца ўжо сёння не трэба, я думаю, чакаць трэба проста максімальна дурных і простых рашэнняў. Тыпу "а давайце ўсе нахрэн забаронім". Як гэта было ў часы валютных крызісаў. А давайце мы будзем кожны валютны перавод адсочваць на ўзроўні Нацбанку ці чагосьці яшчэ і гэтак далей. <...> 

Колькі было размоў "не падабаецца — валіце". Окей. <...> А, стаяць! Нягоднікі, выводзяць з сабой. І, уласна, вось гэтыя ўцёкі людзей, яно ж ужо цяпер усведамляецца, як адна з галоўных пагроз для будучага эканамічнага развіцця. Хоць слова развіццё тут ужо становіцца нейкім проста здзекам, нейкім аксюмаранам у цяперашняй сітуацыі».

Старыя задачы ў новай стратэгіі

«Міністэрствам эканомікі ўнесены на разгляд праект нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2040 года. <...> Нам жа абяцалі 100 млрд ВУП да 2025 года. Цяпер задача ставіцца трошкі па-іншаму — увайсці ў топ-50 краін па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці. Гэта вельмі амбітная задача, гэта рост у два разы за 15 гадоў. Гэта значыць да 2025-га не атрымалася, ставім да 2040. Але ВУП на душу насельніцтва. 

І мы ж разумеем, што можна кіраваць адначасова і лічнікам і назоўнікам. Разумееш, калі ў цябе насельніцтва актыўна ўцякае, то нейкім дзіўным чынам ВУП на душу насельніцтва расце. Іншая справа, што потым, калі яно пачынае вельмі моцна ўцякаць, няма кім рабіць гэты ВУП. Ну, пра гэта мы падумаем потым. Цяпер яны, быццам бы, пра гэта задумаліся. То бок, там у іх — тры ключавыя блокі. І першае — развіццё чалавечага патэнцыялу».