Эканоміка з Чалым

06 лютага

Чым Расея заражае беларускую эканоміку і што выбіраюць беларусы замест айчынных тавараў

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі гандаль, новы падыход да мадэрнізацыі і расейскія залежнасці.

Аляксандр Лукашэнка анансаваў разумную мадэрнізацыю эканомікі, а беларусы ўсё менш «купляюць беларускае». Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:03 Адмоўнае сальда, што здарылася?
04:10 Беларусь закрывае расейскія гандлёвыя дзіркі
05:50 Беларусы выбіраюць еўразійскае
07:20 Лідэры па скарачэнні работнікаў 2024
08:30 Ці ёсць карысць ад навукі?
15:45 Складанасці ў сусветным гандлі

Навошта інвеставаць, калі можна сваё пастаўляць?

«Што на расейскім рынку адбываецца? Мне здаецца, што мы зараз назіраем пачатак тэндэнцыі, <...> якая пачынае заражаць ужо беларускую эканоміку. У мінулай праграме я распавядаў пра МАЗ, які, быццам бы, цяпер будзе выпускаць у новым цэху новыя аўтобусы. І ў той жа самы час рэйсавыя аўтобусы, турыстычныя і тыя, якімі замяняюць маршруткі, закупляюцца кітайскія. Гэта магло падацца чымсьці выпадковым. <...>

Упершыню ў Расеі КАМАЗ у долі продажаў буйнатанажных цяжкавікоў не займае першае месца. Яго абышоў SITRAK па выніках года. То бок, спачатку вы карыстаецеся, проста ад безвыходнасці, кітайскімі запчасткамі. Потым кітайцы адчуваюць такую моцную рынкавую ўладу на тваім жа ўласным рынку, што, увогуле, дазваляюць сабе… 

Калі раней у цябе палова была КАМАЗа, то цяпер чвэрць належыць аднаму толькі кітайскаму вытворцу. А ты сам займаеш нейкую маленькую долю. І ты ж, насамрэч, нічога Кітаю цяпер сказаць не можаш, бо ты цалкам ад яго залежыш. <...>

Вось як, напрыклад, здарылася, калі КАМАЗ трапіў у чорны спіс амерыканскі санкцыйны. Той жа самы Weichai (кітайскі холдынг, які вырабляе аўтакамплектуючыя — рэд.), які пастаўляў ім рухавікі, выйшаў з сумеснай вытворчасці. Вось гэты "КАМАЗ ВЕЙЧАЙ". <...> І перасталі інвеставаць у лакалізацыю, перасталі інвеставаць у тэхналогіі. А навошта, калі можна сваё прадаваць? І што ты цяпер з імі зробіш?»

Беларусы выбіраюць еўразійскае

«З нагоды ўнутранага гандлю. Мне вельмі падабаецца загаловак: "Беларусы ўсё часцей выбіраюць еўразійскае". Я проста ўяўляю сабе беларуса, які прыходзіць у краму. Ён кажа: "Скажыце, а еўразійскае што-небудзь у вас ёсць?”

Увогуле, гэта чарговы адмоўны рэкорд мінімум за 10 з чымсьці гадоў. Удзельная вага айчынных тавараў харчовых — 76%, але не харчовых — 37%. А доля за год упала з 59% у цэлым да 56%. Прыходзь і, як яны (чыноўнікі — рэд.) там радаваліся, <...> займай нішы, якія вызваліліся.

Мне вось цікава, еўразійскае — гэта ж, напэўна, яны маюць на ўвазе не толькі ЕАЭС. Кітай жа таксама знаходзіцца ў Еўразіі. То бок таму еўразійскае — гэта расейскае і кітайскае. Значыць, па выніках 11 месяцаў 2024 года, рост продажаў па групоўцы кампаній, у якую ўваходзяць найбуйнейшыя маркетплэйсы з расейскім і кітайскім капіталам, склаў амаль 36%. Ну а што вы хацелі? Калі вашы цэнавыя абмежаванні на іх не дзейнічаюць, таму што ў іх можна маляваць любы ўваходны кошт і, адпаведна, атрымліваць любую нацэнку ўжо ўнутры Беларусі».

Гандаль губляе работнікаў

«Нягоднікам з "Кіберпартызанаў" дасталася інфармацыя — топ-10 кампаній, якія страцілі работнікаў са студзеня па верасень. І што б вы думалі? <...> Гэта так званы "ЗахадХімГандаль" — "Востраў чысціні і смаку", які, уласна, ліквідуецца. То бок, было там каля 4 тыс. работнікаў, стала менш за тысячу. Другое месца — "Санта Рытэйл". <...> Так, там МТЗ. "Менскае аблспажыўтаварыства", таксама гандаль. Так, "Магілёўхімвалакно". "Еўрагандаль". <...> То бок у дзясятцы мы маем ... шэсць кампаній, звязаных з рознічным гандлем».

Штучна інтэлектуальная мадэрнізацыя

«У яго (Аляксандра Лукашэнкі — рэд.) здарылася даволі цікавае мерапрыемства, якое называлася цырымонія ўручэння дыпломаў дактароў навук і атэстатаў прафесара. Але мы выдатна разумеем, што гэтае мерапрыемства ён аўтаматычна ператварыў у свой выступ, якім анансаваў найбуйнейшы, мяркуючы па ўсім, разнос, які адбудзецца на пляцоўцы Акадэміі навук, дзе ён будзе разбірацца, якая эканамічная карысць у нас ёсць ад гэтай навукі. А ад той, якой няма, трэба вызваляцца. І ён практычна пра гэта так і сказаў. 

І, нарэшце, вось з'яўляецца новы лозунг. <...> У бліжэйшыя гады нам трэба будзе паскорыць інтэлектуальную мадэрнізацыю нашай эканомікі. Можа быць, нават на падставе штучнага інтэлекту. Штучна інтэлектуальная мадэрнізацыя нашай эканомікі. 

Гэта менавіта пра тое, што раней яна ў нас была комплексная, а цяпер будзе разумная, у тым сэнсе, што мы не ўсё будзем мадэрнізаваць, а толькі тое, што нам трэба. Таму што грошай усё менш».