Эканоміка з Чалым

16 студзеня

Чаму 2025 год будзе складаным і што падарылі ўлады менчукам не да выбараў

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі няўдзячны народ, вымушаную міграцыю і знешнія цяжкасці.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што 2025 год будзе цяжкім для Беларусі, а ў краіну падцягваюцца замежнікі і гэта — выклік. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:14 Год будзе няпростым
03:20 Лукашэнку пра міграцыю
07:30 Самарэгуляванне коштаў
14:05 Лукашэнка даў ваду!
18:30 Добраўпарадкаванне рукамі валанцёраў
20:00 Адна вёска - адзін ліхтар

Складанасці, у якіх вінаватыя суседзі

«Тлумачэнне [ад Аляксандра Лукашэнкі], чаму ж ён (2025 год — рэд.) будзе няпростым: таму што з Расеяй нас пачалі душыць і ціснуць з усіх бакоў. "Тыя тактыка і стратэгія, якія мы вызначылі, дапамагаюць нам не толькі ўтрымацца на плаву, але і жыць годна", — [сказаў Лукашэнка]. Дзякуючы чуламу кіраўніцтву. 

Гэтыя знешнія складанасці, калі ціснуць нас разам з Расеяй, яны нам не важныя. Але! Ёсць жа складанасці і цяжкасці, не толькі звязаныя з ціскам з боку. "Год будзе складаным яшчэ і таму, што ў нашых сяброў і суседзяў, з якімі мы гандлюем, сітуацыя няпростая, вы гэта бачыце", — [сказаў Лукашэнка]. Калі б было нармальна ў іх, то і ў нас было б добра. Калі б нашыя тавары прадаваліся за вялікія грошы, то мы наогул жылі ў шакаладзе. 

А так, паколькі яны не вельмі добра прадаюцца, што відаць па знешнегандлёвым сальда адмоўным, якое расце, то таму яна (сітуацыя — рэд.) і няпростая. Але ў любым выпадку — гэтая праблема не нашая. Гэта ўсе яны. Ну, у нас у асноўным адзін сябар і сусед, з якім мы гандлюем, таму тут множны лік не трэба. Так, сітуацыя няпростая: перспектыва стагфляцыі і падзення попыту на нашыя тавары, якая замаячыла».

Mismatch на беларускім рынку працы

«"Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу, — гэта вымушаная міграцыя людзей", — [распавёў Аляксандр Лукашэнка].

І я думаю: ну, ні фіга сабе! Няўжо, нарэшце, мы прызналі адток самых канкурэнтаздольных на рынку працы людзей і, адпаведна, аголены рынак працы? Найперш у рэгіёнах. Таму што сталіца высмоктвала з рэгіёнаў гэтых самых людзей. 

Аказалася, не. Аказалася, што гэта тыя, хто да нас едуць. "Не, — кажа, — падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але гэтыя людзі далёкія ад тых справаў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваныя". Нічога сабе! Вось так вось пра эмігрантаў. Ну добра ад Трампа можна такое пачуць, што Мексіка пасылае нам сваіх толькі злачынцаў і гвалтаўнікоў.

“Гэта таксама не страшна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей". І хочацца дадаць: не можаш — навучым, не хочаш — прымусім. "Працоўныя рэсурсы нам патрэбныя!" Не людзі, працоўныя рэсурсы. "Але некантралюемая міграцыя — гэта бяда". 

Зразумела, да чаго ён гэта ўсё пачаў распавядаць. Пра тое, што я ж не буду абараняць сваю мяжу заходнюю, раз яны супраць нас санкцыі ўводзяць, — гэта старая тэма. Гэта ж першае прызнанне таго, што ідзе вось гэты skill mismatch, як гэта называецца ў эканоміцы. Недахоп работнікаў існуе. Пры гэтым у цябе прыток працоўных рук прысутнічае. Але ўзровень кампетэнцыяў, якія патрабуюцца і якія могуць на гэты рынак працы быць прынесеныя, не супадаюць паміж сабой». 

Аб няўдзячным народзе і клапатлівых уладах

«Лічбы прыводзіліся, што, сапраўды, прыкладна да траціны вады спажыванай была не з падземных крыніц, а з наземных — гэта Вілейская водная сістэма. Сапраўды, праект [пераходу на водазабеспячэнне Менску з артэзіянскіх свідравін] дарагі. Кажуць, што 700 мільёнаў беларускіх рублёў. Спачатку быў праект 850, потым зэканомілі 150. Стала 700. Як бы гэтая эканомія не выйшла потым бокам. Ну, добра. 

І далей пачынаецца: “Наогул, я не ведаю такіх дзяржаў, якія б з клопатам пра людзей падышлі да гэтага пытання", — [сказаў Лукашэнка]. Не ведаю такіх сталіц, дзе можна было так вось ваду піць. Хоць такіх сталіц і краін навалам. <...>

Вось гэтая фраза, якая мне спачатку падалася проста ляпам з серыі "ну, маглі ж не рабіць, падарунак". Яго ж і прэс-служба, і БелТА развялі, як сапраўды мы — малайцы, вы павінны шанаваць. Кажа, праект-та дарагі. А вы там ваду не беражаце! І наогул не плаціце, колькі за яе патрэбна.

Карацей, вось гэтая тэма няўдзячнага народа, якому што ні дары, усё дрэнна. Плацяць — мала, дорыш — не цэняць».

Падарунак не да выбараў

«Адразу бачная логіка Лукашэнкі. Прадэгуставаўшы артэзіянскую ваду, кажа: "Выдатная вада! Можна разліваць у бутэлькі і прадаваць. Гэта для народа падарунак". 

Ён кажа, вядома ж, гэта не да выбараў. І тут, я павінен сказаць, — гэта праўда. На гэты раз чыстая праўда. Ніякага дачынення да выбараў завяршэнне гэтага праекту не мае, таму што, наогул, існуе крыху менш за паўтузіна абяцанняў гэта зрабіць. 

Насамрэч, першая дата, калі яшчэ [старшынём Менгарвыканкаму Андрэй] Шорац быў. Ён казаў, што да 2013 года задача — цалкам завяршыць пераход на падземныя крыніцы».