Навіны

21 красавіка 2023

«Магчыма, Кізім проста ціха вернецца ў Менск». Чаго чакаць ад адклікання ўкраінскага амбасадара з Беларусі?

У Кіеве вядзецца дыскусія аб тым, чаму дыпламатычныя адносіны з Менскам да гэтага часу не разарваныя.

Адкліканне ўкраінскага амбасадара з Менску для кансультацый нельга назваць разрывам дыпламатычных адносінаў Украіны і Беларусі. Такое меркаванне ў размове з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам выказаў палітычны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах, былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін.

«Я б не звязваў наўпрост рашэнне Украіны аб адкліканні амбасадара для кансультацый менавіта са зменай іх пазіцыі. Я думаю, што гаворку тут хутчэй трэба весці аб тым, што першапрычынай гэтага рашэння аб адкліканні амбасадара зʼяўляецца ўнутраная крытыка кіраўніцтва Украіны за тое, што яны захоўваюць і да гэтага часу захоўвалі амбасадара ў Беларусі», – лічыць эксперт.

Ён растлумачыў, што ў Кіеве вядзецца дыскусія аб тым, чаму дыпламатычныя адносіны з Менскам да гэтага часу не былі разарваныя.

«Я думаю, каб зараз пазбегнуць вось гэтай вострай крытыкі зноў, украінскія ўлады прынялі рашэнне прэвентыўна засцерагчы сябе ад гэтай крытыкі. То бок, зараз адкліканне амбасадара ў вачах крытыкаў украінскіх уладаў будзе выглядаць адэкватнай рэакцыяй на тое, што адбылося. Нібыта і рашуча, нібыта і нас нельга абвінаваціць у тым, што мы нічога не робім. Але пры гэтым адкліканне амбасадара не значыць, што яны знізілі гэтыя дыпламатычныя адносіны. Прамым тэкстам у сваёй заяве МЗС Украіны піша, што яны выклікалі амбасадара для кансультацый. Кансультацыі могуць доўжыцца 2-3 дні, 3 тыдні, 2-3 месяцы. Гэта значыць колькі заўгодна доўга і гэта не мае нейкага абмежавання ў часе. Гэта не значыць, што амбасадара больш не будзе. Калі ўявіць, што абвастрэнняў нейкіх не будзе ў адносінах далей, то цалкам магчыма, што Кізім проста ціха вернецца ў Менск і пра гэта не будуць шмат пісаць у СМІ, калі ўвесь градус спадзе», – лічыць Павел Слюнькін.

Ігар Кізім
Крыніца: UkrEmbMins / Facebook / Ігар Кізім

Пры гэтым Слюнькін дапускае, што амбасадар у Менск можа і не вярнуцца. Аднак і ў такім выпадку няма нагоды казаць аб тым, што Кіеў вырашыў змяніць сваю пазіцыю адносна Беларусі.

«Я б не звязваў адкліканне амбасадара з тым, што памяняўся іх [украінскіх уладаў – заўв.] стратэгічны падыход. Проста пад ціскам, у тым ліку ўнутранай крытыкі і вось гэтых гучных сустрэч Лукашэнкі з Пушыліным, украінскія ўлады вымушаныя нешта рабіць. І я думаю, што сукупнасць гэтых фактараў іх прымушае прымаць такія рашэнні. А наяўнасць ці адсутнасць Кізіма ў Менску насамрэч не тое каб з тэхнічнага пункту гледжання ці з гуманітарнага шмат значыла б. Ён рэальна знаходзіцца там у ізаляцыі, гэта значыць ён практычна ні з кім там, калі верыць публічным заявам яго самога, не сустракаецца і, калі на яго месцы будзе не амбасадар, а ягоны намеснік (часовы павераны), то ніякім чынам гэта не паўплывае на гуманітарныя патокі бежанцаў, якімі ўкраінцы абгрунтоўваюць неабходнасць наяўнасці пасольства і пасла. Я б дакладна не стаў казаць, што стратэгічны курс Кіева пасля сустрэчы з Пушыліным памяняўся або памяняецца », – падкрэсліў палітычны аналітык.

Пра тое, што палітычны курс Украіны адносна Беларусі мог змяніцца, паводле слоў Слюнькіна, не гаворыць і ўнесены прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім законапраект аб спыненні дзеяння пагаднення з Беларуссю аб узаемнай абароне дзяржаўных сакрэтаў.

«Пачынаючы з 2022 года, то бок з моманту, калі і адбылася гэтая агрэсія, у якую Лукашэнка ўцягнуў нашу краіну, гэтыя разрывы двухбаковых адносін адбываюцца з рознымі дзяржавамі. У першую чаргу з прыгранічнымі, таму што там база нарматыўна-прававых актаў двухбаковых значна большая. І такія дакументы разрываюцца і Польшчай, і Літвой, і Латвіяй і, у першую чаргу, Украінай. Украіна ў дадзеным выпадку рэкардсмен. Яны разарвалі ўжо дзясяткі дакументаў і гэта проста адзін з іх. Тут не варта шукаць нейкай дадатковай падаплёкі. Гэта лагічна, таму што ўзровень адносін не адпавядае тым пагадненням, у якіх яны складаліся», – дадаў эксперт.

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст лічыць, што пры пэўных абставінах наступным крокам Кіева можа стаць і разрыў дыпламатычных адносінаў паміж краінамі.

«Гэта сурʼёзны выклік тым, скажам так, зыбкім адносінам, якія былі да апошняга часу. Таму што за гэтым ужо стаіць як бы цень прызнання расейскай анексіі. І зразумела, што Кіеў на гэта адрэагаваў. Але наколькі гэта будзе сурʼёзнай рэакцыяй, пакуль цяжка сказаць. Адкліканне амбасадара для кансультацый – гэта крок сурʼёзны, але амбасадар можа вярнуцца праз некаторы час», – сказаў ён.

Пры гэтым прызначэнне замест амбасадара ў Менску часовага паверанага Дракахруст лічыць «прамежкавай фазай» паміж разрывам дыпламатычных адносін і адкліканнем амбасадара. Гэта, паводле яго слоў, будзе «зніжэннем дыпламатычнага прадстаўніцтва».

«Украіна пакуль зрабіла адзін крок. Калі будзе яшчэ адна стадыя, якую я згадаў, гэта будзе сведчыць аб тым, што там [ва Украіне] ставяцца да гэтага сурʼёзна і збіраюцца пераглядаць некаторыя свае падыходы», – растлумачыў аглядальнік.

Нагадаем, 19 красавіка Кіеў адклікаў амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прызначаным Расеяй «кіраўніком» акупаванай часткі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным.

Кіраўнік Камітэту Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкай супрацы Аляксандр Меражка ў размове з журналістамі заявіў, што гэта сурʼёзны сігнал для Лукашэнкі, які, сустрэўшыся з «кіраўніком» акупаванай тэрыторыі, пайшоў на сурʼёзную правакацыю.

Іншыя Навіны