У чым небяспека УПАБ-1500В?
«Кіраваныя авіябомбы – гэта сучасная авіяцыйная зброя. Дагэтуль яе вельмі моцна не хапала ў расейскіх паветрана-касмічных сілах, яны ўжывалі бомбы, якія свабодна падалі. Гэта, у сваю чаргу, патрабавала ад самалётаў залятаць у зону дзеяння варожай супрацьпаветранай абароны», – тлумачыць Міхайлаў.
Паводле яго слоў, авіябомба, якая кіруецца, не патрабуе такой рызыкі і з большай верагоднасцю патрапляе ў цэль. Акрамя таго, яе можна запускаць далей ад лініі фронту, трымаючы самалёты на бяспечнай адлегласці.
«З аднаго боку яны [кіраваныя авіябомбы – заўв.] павінныя па ідэі зніжаць колькасць страт сярод мірнага насельніцтва. Але мы памятаем, што расейцы актыўна ўжываюць высокадакладныя ракеты па ўкраінскай грамадзянскай, у першую чаргу энергетычнай, інфраструктуры і яны могуць наносіць па ёй удары, у тым ліку ў прыгранічных і прыфрантавых раёнах», – сцвярджае эксперт.
З-за таго, што гэтая бомба буйнакаліберная (цэлых паўтары тоны), любое яе ўжыванне, нават калі гаворка ідзе аб ваенных абʼектах, якія знаходзяцца ўнутры гарадской забудовы, прывядзе да сурʼёзных разбурэнняў на ўсёй навакольнай тэрыторыі. А значыць, мірныя жыхары, якія знаходзяцца ў гэтай зоне, могуць сурʼёзна пацярпець, лічыць Міхайлаў.
Вядома, сістэмы СПА здольныя збіць нават такую ракету, аднак у іх даволі маленькая паверхня, якую бачаць радары, што ўскладняе паражэнне.
Што рабіць?
Як адзначае Міхайлаў, ёсць некалькі спосабаў, якія маглі б знізіць пашкоджанні ад гэтых авіябомбаў.
Па-першае, паводле слоў эксперта, неабходна як мага больш разгрупаваць усе ваенныя абʼекты.
«Разгрупаванне лагістыкі, разгрупаванне складоў паліва і гэтак далей. Гэта вядома, пагаршае лагістычныя магчымасці, але ў выніку, калі ў вас не назапашваюцца нейкія рэчы і нейкія цэлі, гэта, у сваю чаргу, азначае, што ўжыванне падобнага ўзбраення будзе малаэфектыўным, калі нідзе няма дастатковай колькасці буйных абʼектаў», – сцвярджае Міхайлаў.
Аднак гэты метад не ідэальны, бо запатрабуе змен тактыкі ЗСУ, што можа зменшыць эфектыўнасць вядзення баявых дзеянняў.
Па-другое, заходнія партнёры Украіны абяцалі паставіць Кіеву спецыяльныя наборы, якія дазволяць ператвараць некіраваныя авіябомбы ў кіраваныя. Гэтая тэхналогія, як адзначае Міхайлаў, ужо даўно выкарыстоўваецца ўзброенымі сіламі краін НАТА.
«Хочацца спадзявацца, што яны будуць адпаведным чынам інтэграваныя ва ўкраінскую авіяцыю, украінскія авіяцыйныя платформы, як гэта ўжо адбылося з ракетамі AGH-88 HARM супрацьрадарнымі [амерыканская высокадакладная супрацьрадыёлакацыйная ракета – заўв.] І, адпаведна, што зʼявіцца нейкі дастаткова сурʼёзны адказ. Паколькі падобныя авіябомбы, нават калі мы гаворым аб не такіх магутных 500-кілаграмовых, раўнасільныя залпу HIMARS», – тлумачыць эксперт.
Ці можа выкарыстанне УПАБ-1500В змяніць сітуацыю на фронце?
Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, у якіх колькасцях Расея можа вырабляць гэтыя авіябомбы і колькі іх ужо ёсць на дадзены момант, тлумачыць Міхайлаў. Справа ў тым, што такая распрацоўка патрабуе высокатэхналагічнай ваеннай вытворчасці. І еўрапейскія і амерыканскія санкцыі павінны стварыць у Расеі дэфіцыт рэсурсаў для стварэння такога кшталту боепрыпасаў.
Тэарэтычна, атрымаць неабходнае абсталяванне і камплектуючыя Расея можа праз трэція краіны, якія будуць перадаваць іх Маскве. У прыватнасці, падтрымліваць Расею ў вайне з Украінай можа Кітай. У канцы лютага амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ўжо пісаў пра тое, што Пекін можа перадаць праз Лукашэнку Маскве «смяротную дапамогу». У такім выпадку, усё будзе залежаць ад заходніх інстытутаў, якія павінныя кантраляваць выкананне антырасейскіх санкцый і ўвесці дадатковыя абмежаванні супраць кітайскіх кампаній, калі яны будуць прымаць у гэтым удзел.
«Але нават пры наяўнасці такіх паставак зразумела, што патрэбныя вытворчыя магутнасці, патрэбныя спецыялісты. Усяго гэтага ў расейскай абаронцы зараз моцна не хапае і, уласна, таму мы не назіралі ўжывання дастатковай колькасці вось гэтых крылатых ракетаў падчас кампаніі супраць украінскай энергетычнай інфраструктуры, якая доўжылася з кастрычніка мінулага года. Справа мабыць у немагчымасці забяспечыць пастаўку дастатковай колькасці ракет для таго, каб элементарна знішчаць украінскія энергетычныя абʼекты хутчэй, чым іх рамантуюць», – дадаў Міхайлаў.