Навіны

03 сакавіка 2023

Нягледзячы на рэпрэсіі. Якія беларускія калоніі ўмудрыліся атрымаць для сваёй прадукцыі міжнародныя сертыфікаты?

У межах расследавання з ICIJ мы знайшлі 8 папраўчых калоніяў з Беларусі, якія праходзілі працэдуру атрымання сертыфікатаў FSC (Forest Stewardship Council).

Дрэваапрацоўка
Крыніца: Yurii RylchukUkrinform / ddp images / Forum / Ілюстрацыйны здымак
“Не ў той краіне мы жывем, каб можна было гэта свабодна каментаваць”, - паведамілі нам у адказ на пытанне: з якой прычыны беларускія калоніі пасля жніўня 2020 года атрымалі сертыфікаты міжнароднага ўзору на сваю дрэваапрацоўчую прадукцыю?

Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў (ICIJ) на днях выпусціў матэрыял, які расказвае аб парушэннях у сертыфікацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у 50 краінах свету. З 1998 года звыш 340 прадпрыемстваў, якія атрымалі міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці сваёй прадукцыі міжнародным стандартам, былі абвінавачаны ў экалагічных злачынствах і іншых парушэннях. У складзены намі спіс патрапілі 8 прадпрыемстваў з Беларусі, дакладней, калоній. Яны прадаюць мэблю і іншую прадукцыю, якую вырабляюць зняволеныя, якія адбываюць у гэтых калоніях тэрміны, у тым ліку па палітычных артыкулах.

Гэтыя сертыфікаты выдаюцца па некалькіх крытэрыях, сярод іх: экалагічнасць вытворчасці і адсутнасць парушэнняў правоў чалавека на вытворчасці. З пытаннем наконт якасці ацэнкі мы звярнуліся да Інэсы Балоцінай, эколага, грамадскай актывісткі, каардынатара грамадскай кампаніі «За будучыню Прыпяцкіх дуброў».

«Ведаючы, як праходзіць сертыфікацыя, там даволі сціслыя тэрміны, даволі абмежаваная колькасць экспертаў, [...] пры жаданні арганізацыя, якая заказала сертыфікацыю можа нейкім чынам, скажам так, не ўсё паказаць арганізацыі, якая выдае сертыфікаты. І арганізацыя, якая выдае сертыфікаты можа нейкім чынам не ўсё заўважыць. Гэта можа быць наўмысна зроблена, але, хутчэй за ўсё, не наўмысна», – распавяла БРЦ Інэса Балоціна.

У рамках расследавання з ICIJ мы знайшлі 8 папраўчых калоніяў з Беларусі, якія праходзілі працэдуру атрымання сертыфікатаў FSC (Forest Stewardship Council):

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Папраўчая ўстанова № 5» (Папраўчая калонія г. Івацэвічы);

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ВК 13 – Беразвечча» (Папраўчая калонія № 13 у Глыбокім);

Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Сямнаццаць» (Папраўчая калонія № 17 у г. Шклоў);

Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Пятнаццаць» (Папраўчая калонія № 15 г. Магілёва);

«ПК-9» (Папраўчая калонія № 9 у Горках);

«ПК-20» (Папраўчая калонія № 20 Мазырскага раёну);

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Адзінаццаць» (Папраўчая калонія № 11 г. Ваўкавыск);

Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Бабруйская папраўчая калонія №2».

Раней Кіраўніцтва калоніі №17 ужо падпадала пад санкцыі ЕЗ, але гэта не перашкодзіла ў ліпені 2020 г. атрымаць ім сертыфікат FSC. Папраўчай калоніі №15 у г. Магілёў сертыфікат выдалі 19 жніўня 2020 г., 14 кастрычніка 2020 г. Ваўкавыскай калоніі № 11 выдадзены новы сертыфікат FSC, 12 лістапада 2020 г. – Бабруйскай папраўчай калоніі №2.

Сертыфікат FSC, выдадзены Бабруйскай папраўчай калоніі №2, паводле інфармацыі з базы дадзеных FSC, кастрычнік 2021 г.
Крыніца: БРЦ / Сертыфікат FSC, выдадзены Бабруйскай папраўчай калоніі №2, паводле інфармацыі з базы дадзеных FSC, кастрычнік 2021 г.

«Умовы ўтрымання зняволеных у калоніі ў цэлым часта зʼяўляюцца формай жорсткага бесчалавечнага зневажальнага абыходжання, на што звярталі ўвагу ў сваіх дакладах праваабаронцы «Вясны». Там жа прыводзіліся прыклады парушэнняў працоўных правоў зняволеных, у тым ліку апісваліся выпадкі вытворчых траўмаў і рэакцыя на іх адміністрацыі калоніі», – такі каментар БРЦ даў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Гэтыя даклады былі апублікаваны задоўга жніўня 2020 года, але гэта не паўплывала на падаўжэнне міжнародных экалагічных сертыфікатаў. Наша крыніца кажа, што сертыфікаты FSC калоніям выдавалі «па інерцыі». «Ёсць некаторыя працэсы, якія маюць пэўную інерцыю, і як цягнік іх адразу нельга спыніць», – паведаміў суразмоўца.

Сертыфікаты ў гэтых папраўчых установаў былі адкліканы толькі ў 2021 годзе (з лютага па лістапад). Адна з крыніц, якая ведае, як правяралі калоніі, паведаміла нашаму журналісту на ўмовах ананімнасці, што адкліканыя ліцэнзіі былі менавіта з прычыны парушэнняў правоў чалавека. Паводле крыніцы, практыка атрымання такіх сертыфікатаў на прадпрыемствах, звязаных з калоніямі, нячаста сустракаецца за межамі Беларусі, але яна існуе. Па адкрытых крыніцах нам не ўдалося знайсці пацверджання гэтаму. 

Сертыфікат FSC, выдадзены Бабруйскай папраўчай калоніі №2, быў адкліканы толькі 26 лістапада 2021 года
Крыніца: БРЦ / Сертыфікат FSC, выдадзены Бабруйскай папраўчай калоніі №2, быў адкліканы толькі 26 лістапада 2021 года

Як увогуле выглядае структура выдачы падобных сертыфікатаў?

Міжнародныя сертыфікаты FSC, PEFC, RSPO выдаюцца прадпрыемству, якое займаецца здабычай дрэва ці яго апрацоўваннем. Гэта адна з умоваў, пасля выканання якой прадпрыемства можа прадаваць сваю прадукцыю ў ЕЗ, напрыклад, такім буйным сеткам як IKEA, Lutz, Hoffner. Сертыфікаты выдаюць на падставе заключэння экспертаў у спецыялізаваных цэнтрах. У Беларусі падобныя заключэнні даюць супрацоўнікі такіх кампаній, як Preferred by Nature, SСS і іншыя.

«Уся міжнародная сертыфікацыйная дзейнасць у Беларусі зараз замерла», – паведаміў нам супрацоўнік аднаго з цэнтраў на ўмовах ананімнасці.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Еўрапейскі Звяз пашырыў свае гандлёвыя санкцыі на лесаматэрыялы. Аднак гэта не закранула вытворчасць мэблі, якую, у тым ліку, збіраюць і ў беларускіх калоніях. Без міжнародных сертыфікатаў яны не могуць супрацоўнічаць з еўрапейскімі буйнымі сеткамі, але, напрыклад, на сайце ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Папраўчая ўстанова № 5» (Івацэвічы) да гэтага часу ўказана, што яны пастаўляюць мэблю ў краіны ЕЗ. Дарэчы, у 2017 годзе адзін з былых дырэктараў ПК-5 у Івацэвічах, Вадзім Харужы, трапіў пад следства. Па версіі пракуратуры, у перыяд з сакавіка 2010-га па сакавік 2013-га ён атрымаў адкат за тое, што заключыў кантракт з адной міжнароднай кампаніяй на пастаўку прадукцыі. Памер хабару склаў €166 тыс, па дадзеных Onliner.

Прадпрыемства «Івацэвічыдрэў» у Берасцейскай вобласці
Крыніца: idrev.by / Прадпрыемства «Івацэвічыдрэў» у Берасцейскай вобласці

У мінулым годзе журналісты Earthsight правялі буйное расследаванне на тэму выдачы падобных сертыфікатаў беларускім калоніям. Яны звязаліся з цэнтрамі, якія аказвалі паслугі па сертыфікацыі, і вось што ім адказалі:

Preferred by Nature заявілі, што «на момант сертыфікацыі не ўбачылі прыкмет прысутнасці палітычных зняволеных у ПК-5 (Івацэвічы) і не выявілі ніякіх сведчанняў прымусовай працы на момант сертыфікацыі».

Наконт ПК-2 (Бабруйск) у SCS заявілі, што яны "задзейнічалі кваліфікаванага мясцовага аўдытара для правядзення выязной праверкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі стандарту ланцужка паставак FSC. Сертыфікат, выдадзены ў лістападзе 2020 г., грунтаваўся на аўдытарскай справаздачы, падрыхтаванай у жніўні, за два месяцы да прымянення санкцый ЕС да г. Маткіна (начальнік дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі, генерал-маёр міліцыі). SCS даведалася аб існаванні такіх санкцый толькі пасля выдачы сертыфіката, і пастаралася выправіць сітуацыю, пачаўшы расследаванне, канчатковым вынікам якога стала спыненне дзеяння сертыфіката і поўнага сыходу SCS з беларускага рынку сертыфікацыі."

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў рамках праекта Deforestation Inc

Іншыя Навіны