Гэтыя дадзеныя былі агучаныя ў адказ на запыт дэпутаткі Сейму Ганны Гіл-Пёнтэк. Яна заявіла, што хоць урад Польшчы і сцвярджае, што плот уздоўж польска-беларускай мяжы надзвычай эфектыўны, але гэта не перашкаджае паступленню «крывавага лесу з Беларусі». Затрыманыя 80 партый з сумнеўнымі дакументамі – гэта вялікая колькасць, кажа Гіл-Пёнтэк, але на яе думку цалкам верагодна, што знойдзена толькі невялікая частка драўніны, якая незаконна ўвозіцца з Беларусі, па падробленых дакументах.
«Доказаў таго, што Беларусь абыходзіць санкцыі, так шмат, што сітуацыя патрабуе жорсткай рэакцыі з боку польскіх уладаў. Тое, што на дрэве будзе этыкетка іншай краіны, а не Беларусі, не азначае, што грошы ў выніку не пойдуць рэжыму Лукашэнкі», – кажа Ганна Гіл-Пёнтэк.
Запыт быў дасланы пасля нашага расследавання, якое мы апублікавалі напрыканцы 2022 году. Тады мы высветлілі, што беларускі лес працягвалі пастаўляць у краіны ЕЗ, абыходзячы санкцыі, якія былі ўведзеныя ў сакавіку 2022 года. Гэтыя пастаўкі ажыццяўляліся па фальшывых дакументах трэціх краін, у прыватнасці праз Казахстан і Кіргізію.
Гіл-Пёнтэк дадала: калі размова ідзе не пра драўніну, рэжым у Беларусі спрабуе абысці санкцыі шляхам замены мытных кодаў. Гэта адбываецца напрыклад з нафтапрадуктамі і карбаміднымі ўгнаеннямі.
Пра тое, як «Горадня Азот» увозіць сваю прадукцыю ў ЕЗ у абыход санкцый, мы расказвалі ў лютым гэтага году.