Навіны

07 чэрвеня 2023

Колькасць больніцаў у Беларусі знізілася да гістарычнага мінімуму. Мацней за ўсё пацярпела Магілёўская вобласць

Разбіраемся, наколькі складаней у Беларусі стала легчы ў лякарню.

Аўтары: БРЦ
Колькасць бальнічных арганізацыяў у Беларусі ўпала да гістарычнага мінімуму, выявіў БРЦ, вывучыўшы статыстыку Белстату.

Паводле афіцыйных звестках на канец 2022 года, у краіне налічвалася 585 лякарняў. За больш як 30 гадоў колькасць гэтых медычных установаў скарацілася ў паўтара раза. У 1990 годзе ў Беларусі працавалі 874 больніцы, у 2000-м – 830. Рэзкае зніжэнне пачалося ў пачатку стагоддзя: з 2000-га па 2020 год закрыліся 230 лякарняў, а за апошнія два гады – яшчэ 15.

У Магілёўскай вобласці за 30 з лішнім гадоў закрыліся больш за палову лякарняў – 65 са 124. За гэты ж перыяд 59 бальнічных арганізацый страціла Віцебская вобласць, а Гарадзенская – 52. Колькасць больніцаў з 1990 года вырасла толькі ў Менску – з 37 да 44.

Як за гэты ж перыяд скарацілася колькасць бальнічных ложкаў, ацаніць немагчыма – гэтыя дадзеныя Белстат не публікуе ўжо тры гады. Паводле апошніх актуальных звестак, з 1990-га па 2012 год сістэма аховы здароўя Беларусі пазбавілася амаль 30 тысяч бальнічных ложкаў. Больш свежых лічбаў улады не абнародавалі.

Апошнія гады зніжаецца і колькасць лекараў, якія практыкуюць. На канец 2022-га ў краіне працавалі 47 999 лекараў. У 2020 годзе – 48 527 спецыялістаў. Колькасць лекараў, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, расла да 2020 года, пасля чаго пачала зніжацца. Тэндэнцыя прыкметная сярод тэрапеўтаў, іх колькасць знізілася да ўзроўню 2016 года (17 605 чалавек), і сярод інтэрнаў, колькасць якіх у 2022 годзе наблізілася да гістарычнага мінімуму (2222 асобы).

Пры гэтым мяркуючы па звестках службы занятасці Беларусі, у краіне не хапае амаль пяці тысяч лекараў-спецыялістаў.

З канца траўня Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў публічна заяўляў аб праблемах у сферы аховы здароўя, а 2 чэрвеня падпісаў указ «аб павышэнні эфектыўнасці» галіны. Ён даручыў міністэрству аховы здароўя скарэктаваць парадак дыспансерызацыі насельніцтва, скараціць тэрміны чакання высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў і «прыняць дадатковыя меры» па вырашэнні праблемы недахопу медыкаў. Канкрэтны набор захадаў у дакуменце не прыводзіцца.

Іншыя Навіны