У 2021 годзе Беларусь экспартавала розных вырабаў з дрэва амаль на тры мільярды долараў. Больш за палову гэтых продажаў прыйшлося на Еўрапейскі звяз. Больш за ўсё экспартавалася мэблі — 891 млн долараў (з іх у ЕЗ — на 379,2 млн долараў). На другім месцы — дошкі (усяго на 802 млн долараў, з іх у ЕЗ — на 690,7 млн долараў). Далей ідуць - ДСП (411,5 млн долараў і 110 млн долараў адпаведна) і ДВП (369 млн долараў і 129,4 млн долараў). З большага экспартная выручка падскочыла з-за рэзкага росту коштаў на драўніну — увесну 2021 года кошты на лес дасягнулі сусветнага рэкорду. Адным з выгадаатрымальнікаў стала Літва.
— Калі паглядзець тавары, якія экспартуюцца з Беларусі ў Літву, то сотні мільёнаў долараў — гэта дрэваапрацоўка. Гэта фактычна драўніна, якая ў выглядзе першаснай перапрацоўкі ідзе ў Літву. І там ужо літоўскія дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы робяць далейшую перапрацоўку і экспартуюць у краіны ЕЗ, — казаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
Аднак найбліжэйшым часам пастаўкі на рынкі ЕЗ апынуцца пад вялікім пытаннем. Справа ў тым, што беларускія прадпрыемствы не змогуць атрымаць новыя міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці стандартам устойлівага лесакарыстання, а таксама захавання правоў работнікаў дрэваапрацоўчай галіны, больш вядомыя пад абрэвіятурай FSC.
Міжнародныя аўдытары прынялі такое рашэнне, бо не могуць праверыць, наколькі бяспечна можна праводзіць забастоўкі, мітынгі і карыстацца ў Беларусі іншымі правамі, прадугледжанымі стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы. Accreditation Service International паведаміла, што «адновіць сваю дзейнасць у Беларусі, калі абставіны ў краіне дазволяць правесці аб'ектыўную і бесстароннюю ацэнку без якіх-небудзь наступстваў для ўцягнутых асоб».
— FSC — гэта распаўсюджаная схема сертыфікацыі, якая прызнаецца вельмі шматлікімі краінамі свету. І шматлікія кампаніі і канчатковыя спажыўцы не жадаюць купляць прадукцыю без гэтага лагатыпа. Адпаведна, калі нейкае прадпрыемства губляе сертыфікат, то яго прадукцыя часта становіцца проста незапатрабаванай на заходніх рынках, — тлумачыць Леў Федаровіч, нацыянальны прадстаўнік каардынатар FSC у Беларусі.
У Мінлясгасе Беларусі кажуць, што прагназавалі такое рашэнне, але ўжо знайшлі выйсце з сітуацыі, якая склалася.
— У нас ужо ёсць наш напрацаваны «Шаўковы шлях». Ён сухапутны. Там нават не трэба марскія кантэйнеры. Два тыдні, і груз у Кітаі, — сказаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч. — Я не буду хаваць, апошнія гады больш прэміяльным рынкам быў еўрапейскі. У Кітаі ў нас будзе меншая рэнтабельнасць — не 60%, а няхай 20%.
Леў Федаровіч сцвярджае, што Кітай усё роўна будзе патрабаваць нейкі аб'ём сертыфікаванай драўніны. І калі ў прадпрыемства не будзе гэтага сертыфіката, тады кітайцы ад яго адмовіцца.
— Ніколі на Кітай і Сярэднюю Азію ніякіх сертыфікатаў не было. Так, ёсць нязручнасці і пэўныя страты будуць. Але гэта не катастрофа. Мы перажывалі і значна горшыя часы, — парыруе Крэч.
Гэта значыць адсутнасць сертыфікатаў FSC можа не толькі зачыніць еўрапейскі рынак для беларускай мэблі, якая не патрапіла пад санкцыі Бруселя, але і пазбавіць айчынных вытворцаў кліентаў у той жа Расіі ці Кітаі, якія экспартуюць на заходнія рынкі.
З іншага боку, гэтыя абмежаванні могуць прытармазіць масавую высечку беларускіх лясоў для кароткачасовага закрыцця бюджэтных дзірак. Такая практыка небяспечна не толькі для навакольнага асяроддзя, але і падрывае рэсурсную базу беларускага лесапрамысловага комплексу. Справа ў тым, што ў 2021 годзе найбольшая доля высечанага лесу прыходзілася не на галіны з высокай дабаўленай вартасцю, а проста вывозілася за мяжу, практычна ў неперапрацаваным выглядзе, за хуткія грошы.
Па дадзеных міжнароднай арганізацыі Global Forest Watch, высечка лясоў значна паскорылася ў 2016 годзе. Потым тэмпы страты лесу паскорыліся. Улады Беларусі звязвалі гэта, па-першае, з ураганамі, якія павалілі многія лясы. Потым — з нашэсцем караеда. У 2021 годзе, калі кошты на драўніну ўзляцелі ва ўсім свеце, Беларусь яшчэ больш павялічыла высечку лясоў. Аднак у Мінлясгасе казалі, што гэта планавыя высечкі, таму што зараз Беларусь знаходзіцца «ў пікавай лясістасці» за апошнія сто гадоў. І лес, паколькі з'яўляецца аднаўляльным рэсурсам, патрабуе своечасовай высечкі, каб не было страты якасці драўніны пры нарыхтоўцы. А вось па дадзеных Global Forest Watch, лясістасць Беларусі, наадварот, няўхільна скарачаецца. Па дадзеных гэтай арганізацыі, з пачатку гэтага стагоддзя Беларусь страціла дзясятую частку свайго ляснога покрыва.
Маштабнай высечкай у Беларусі скарысталіся, у тым ліку і заходнія кампаніі, нягледзячы на істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і санкцый Бруселя. Яны значна павялічылі закупкі беларускага лесу і інвеставалі ў пашырэнне вытворчасці, якая абыходзіцца ім нашмат танней, чым у ЕЗ. Адным з буйных замоўцаў з'яўляецца шведскі канцэрн IKEA. Ён планаваў да 2021 года нарасціць пастаўкі тавараў беларускай вытворчасці да 300 млн. еўра. Акрамя таго, за апошнія два гады доля беларускай драўніны ў пастаўках гэтаму міжнароднаму канцэрну павялічылася ў 1,5 раза і перавысіла долю драўніны са Швецыі, дзе базуецца IKEA. Па выніках фінансавага 2021 года на Беларусь прыпадала 8%, а на Швецыю — 7% ад агульнага аб'ёму паставак. У мінулым годзе пастаўкі з Беларусі выраслі на чвэрць і склалі 1,68 млн кубаметраў.
Аднак толькі нядаўняе ўварванне Расіі ва Украіну і наступіўшыя маштабныя санкцыі прымусілі шведскі канцэрн прыпыніць сваю дзейнасць як у РФ, так і ў Беларусі, якая прадаставіла сваю тэрыторыю для расейскіх войскаў. У выніку літоўская група SBA, якая была адным з партнёраў IKEA і вырабляла для яго мэблю ў Магілёве, прыняла рашэнне адправіць сваё беларускае прадпрыемства ў прастой.
Аўтар і рэдактар Станіслаў Івашкевіч