Антыфэйк / фактчэк

19 снежня

Кіраўнік АНТ распавёў пра наступствы змены ўлады ў Сірыі. Разабраліся, дзе праўда, а дзе маніпуляцыя

Праз баявыя дзеянні і палітычны пераслед сірыйцы сталі самай шматлікай групай уцекачоў у свеце.

Прадстаўнікі «малых нацыянальнасцяў і канфесій» бягуць з Сірыі пасля паразы ўрадавых войскаў, распавёў у эфіры АНТ кіраўнік тэлеканалу Ігар Луцкі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, пра што ён змаўчаў. 

У канцы лістапада 2024 года ўзброеныя паўстанцкія фармаванні ў Сірыі пачалі маштабны наступ. Урадавыя войскі пацярпелі паразу. Ужо былы прэзідэнт краіны Башар Асад збег у Расею. Распавядаючы пра наступствы гэтых падзей, кіраўнік тэлеканалу АНТ Ігар Луцкі ў эфіры праграмы «Контуры» 8 снежня 2024 года заявіў, што некаторым грамадзянам даводзіцца пакідаць сваю краіну:

«Паведамляецца пра выпадкі самасуду і распраў. Прадстаўнікі малых нацыянальнасцяў і канфесій бягуць. Але дарогі забітыя, а аэрапорты захопленыя і не працуюць». 

Амаль усё насельніцтва Сірыі — гэта мусульмане, але двух розных плыняў, якія паміж сабой не ладзяць. Першыя — алавіты, другія — суніты, апошніх у пяць-шэсць разоў больш. Башар Асад належыць да меншасці — алавітаў. Многія суніты былі негатыўна настроеныя ў адносінах да прэзідэнта: ён з імі жорстка распраўляўся

Праз баявыя дзеянні і палітычны пераслед сірыйцы сталі самай шматлікай групай уцекачоў у свеце. За амаль 14-гадовую грамадзянскую вайну толькі афіцыйна іх зарэгістравана больш за шэсць мільёнаў.

Тое, што некаторыя жыхары Сірыі — сярод іх прыхільнікі Асада — пасля перамогі паўстанцаў пакідаюць краіну, — праўда. Аднак Луцкі не згадаў, што з Лівана і іншых краін на радзіму вярнуліся тысячы чалавек, якія ўцяклі раней. Пра гэта паведамляюць арабскія медыі і ААН. 

Грамадства ў Сірыі расколатае, у тым ліку па рэлігійнай прыкмеце. Для адных звяржэнне Башара Асада — прамая пагроза іх жыццю. Для іншых —магчымасць вярнуцца дадому. ​Расказаць пра першых і прамаўчаць пра другіх — маніпуляцыя. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі