Антыфэйк / фактчэк Сёння

На дзяржТБ распавялі пра падпалы елак у ЕЗ і Вялікай Брытаніі, але паказалі відэа з Кітая, Егіпта і Аргенціны

На СТБ і АНТ падмянілі кантыненты, падзеі і матывы, каб пацвердзіць ісламізацыю Еўропы.

У эфіры СТБ і АНТ заявілі, што ў Еўропе і Вялікай Брытаніі мігранты ладзяць пагромы, паляць калядныя елкі і нападаюць на храмы. У пацверджанне гэтых тэз паказалі некалькі відэаролікаў — у тым ліку пажар у амстэрдамскай царкве і кадры падпаленых елак, якія звязалі з «ісламізацыяй Еўропы». Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя матэрыялы і высветліла, што частка відэа знята ў іншых краінах і пры іншых акалічнасцях.

Тэму «ісламізацыі» Еўропы паднялі 11 студзеня 2026 года ў ток-шоу «Думкі» на канале СТБ. Вядоўца Ігар Пазняк заявіў, што ў ЕЗ робяцца традыцыяй навагоднія і калядныя пагромы. Потым у эфіры паказалі фрагменты відэа з масавымі беспарадкамі, якія ладзілі мігранты з Блізкага Усходу, Сірыі і іншых краін. Закадравы голас распавёў: 

«Новы год у Еўропе запомніўся і радыкальным скасаваннем традыцыйных хрысціянскіх знакаў. Так па ўсім Еўразвязе і Вялікай Брытаніі ў перадсвяточныя дні радыкальныя ісламісты палілі калядныя елкі. <…> Падпалі пад напад цэрквы і касцёлы. Ціхі жах і пачуццё страты ўсіх еўрапейцаў выказала жыхарка Амстэрдама, назіраючы, як гарыць гістарычная царква: “Мяне гэта вельмі моцна закранула. Царква была часткай жыцця нашага раёну”».

Храм, пра які распавяла нідэрландка, — гэта нядзейная каталіцкая царква XIX стагоддзя Вондэлкерк. Яна загарэлася ў навагоднюю ноч. Афіцыйнага пацверджання, што яе падпалілі мігранты, няма; меркавана, усяму віной феерверкі. Паліцыя праводзіць расследаванне. 

Выпадак падпалу каляднай елкі ў святы сапраўды быў — у горадзе Джэнін на Заходнім беразе ракі Іярдан. Загарэлася елка і ў Варшаве, але ад феерверкаў, а не праз падпал. 

Відэа запаленай елкі, якое паказалі на СТБ, знялі не ў Вялікай Брытаніі, а ў Кітаі. На ім бачны надпісы на кітайскай мове. Прычынай узгарання кітайскай елкі была няспраўная праводка, а не падпал. 

Пад канец 2025-га пра пагромы і падпалы елак распавялі і на тэлеканале АНТ: 

«У Еўропе працягваюць падпальваць навагоднія елкі, спрабуючы скасаваць традыцыйныя святы. Галоўным чынам гэта справа рук усё тых жа мігрантаў, якія навязваюць свае ўстоі. Знішчаюць калядныя знакі на вачах ва ўсіх, і паліцыя быццам нічога не бачыць».

Гэтыя словы падмацавалі двума відэа. На першым — Аргенціна. Там праходзіла акцыя пратэсту з патрабаваннем падвышэння заработнай платы. Елку, якая стаяла ля будынку мэрыі, пратэстоўцы падпалілі на знак пратэсту супраць палітыкі мясцовага мэра, а не традыцыйных устояў.

А другое відэа — з Егіпта. На кадрах бачны надпіс на арабскім «Каляды ў Егіпце адрозніваюцца ад звычайных» і паказана назва інстаграм-акаўнта, дзе ролік з'явіўся больш за год таму. 

​​Такім чынам, паказаныя тэлеканаламі ролікі не пацвярджаюць тэзы пра тое, што ў ЕЗ і Вялікай Брытаніі мігранты масава палілі калядныя елкі і нападалі на храмы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць