Антыфэйк / фактчэк 13 жніўня

Стандарт ці эксклюзіў? Праверылі на ўнікальнасць беларускі закон абправах інвалідаў, пра якую заявілі на СТБ

Дырэктар мінскага коледжа распавёў пра вылучную інклюзіўнасць адукацыі ў Беларусі.

Заканадаўства як у Беларусі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю няма ні ў адной краіне свету. Такую думку агучыў у эфіры СТБ Дырэктар Менскага дзяржаўнага коледжа лічбавых тэхналогій Георгій Козел. Каманда Weekly Top Fake праверыла беларускую інклюзіўнасць на эксклюзіўнасць.

Прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў 2025 годзе праходзіць да 23 жніўня. Плануецца прыняць на навучанне 28 тыс. абітурыентаў.

На тэлеканале СТБ у праграме «Вялікі горад» 3 жніўня абмеркавалі ўмовы паступлення абітурыентаў з інваліднасцю. Дырэктар Менскага дзяржаўнага коледжа лічбавых тэхналогій Георгій Козел заявіў, што айчыннае заканадаўства ў гэтым пытанні адрозніваецца адметнай інклюзіўнасцю:

«Як юрыст я павінен сказаць, што наша нацыянальнае заканадаўства — гэта прадмет нацыянальнага гонару. Сапраўды, такога заканадаўства ў дачыненні да асаблівых людзей і людзей з інваліднасцю ні ў адной краіне свету няма. А асабліва па пытаннях прафесійнай адукацыі».

З 2023 года ў Беларусі дзейнічае закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Ён забараняе дыскрымінацыю па азнацы абмежаваных магчымасцяў, гарантуе права на адукацыю і працаўладкаванне, абавязвае ўстановы забяспечваць роўны доступ да розных аб'ектаў і паслуг — як фізічны, гэтак і інфармацыйны.

Аднак гэты закон — гэта не ўнікальная беларуская распрацоўка, а адаптацыя міжнародных стандартаў, замацаваных у Канвенцыі ААН пра правы інвалідаў 2006 года. На жнівень 2025-га яе ратыфікавалі 193 дзяржавы. Беларусь — толькі праз 10 гадоў пасля прыняцця, у лістападзе 2016 года, і стала 169 краінай у спісе тых, хто прызналі дакумент.

Каманда WTF высветліла, як закон выконваецца на практыцы. У прыватнасці, у 2023 годзе першы намстаршыні камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Людміла Барысенка распавядала, што толькі шэсць сталічных коледжаў з 35 прымаюць абітурыентаў з інваліднасцю.

Па ацэнках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, толькі 22% аб'ектаў па ўсёй краіне можна назваць даступнымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Да 2030 года іх колькасць плануюць павялічыць да 30%.

Для параўнання, у Сінгапуры, паводле дадзеных справаздачы Міністэрства сацыяльнага развіцця і сем'і за 2024 год, каля 80% будынкаў і амаль 100 % грамадскіх прастораў даступныя для людзей з інваліднасцю.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць