Навіна пра поспехі расейскай эканомікі з'явілася 8 верасня 2025 года.
«З 2000 па 2024 год краіны G20 паказалі розную дынаміку эканамічнага развіцця. На фоне агульнага росту вылучаецца Расея, якая, нягледзячы на 11 гадоў бесперапынных санкцый супраць ключавых кампаній, заняла другое месца па росце ВУП на душу насельніцтва сярод усіх краін “дваццаткі”», — напісана ў нататцы парталу AsiaToday.
На інфаграфіцы паказаныя дадзеныя Сусветнага банку па росце ВУП з 2000 па 2024 гады ў краінах, якія ўваходзяць у G20 (дваццаць краін з найболей развітай эканомікай і эканомікай, якая развіваецца). Першае месца ў рэйтынгу займае Кітай — у яго рост больш за 1200%. Расея на другім месцы з 740%. Аўтары нататкі тлумачаць поспехі апошняй унутранай устойлівасцю эканомікі, імпартазамяшчэннем, развіццём нацыянальных вытворчасцяў і стратэгічнай фінансавай палітыкай.
Каманда WTF спраўдзіла лічбы з дадзенымі на сайце Сусветнага банку і высветліла, што ў інфаграфіцы паказаны так званы намінальны ВУП. Гэты паказнік вылічаецца ў рынкавых цэнах года, за які вядзецца падлік, то бок без уліку інфляцыі. І калі ў краіне цэны растуць хутка, то паказнік можа павялічвацца, нават калі аб'ём вытворчасці заставаўся нязменным.
Каб карэктна параўноўваць эканоміку розных гадоў, без перакручванняў, выкліканых зменай цэн, лепш выкарыстоўваць ВУП у сталых цэнах аднаго базавага года. Сусветны банк, напрыклад, выкарыстоўвае цэны 2015-га. У гэтым выпадку карціна па краінах G20 атрымліваецца іншая. Расею ў рэйтынгу абганяюць Кітай, Індыя, Турцыя і Інданезія — то бок яна на пятым месцы. А рэальны рост ВУП на душу насельніцтва амаль за чвэрць стагоддзя ў РФ — трошкі большы за 100%. Для параўнання, у Польшчы за гэты ж час рост ВУП на душу насельніцтва склаў 143%, а ў Беларусі — 160%. Але ні Беларусь, ні Польшча не ўваходзяць у Вялікую дваццатку.