Кантэкст: Еўракамісія прапанавала Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, Харватыі, Аўстрыі і Польшчы падаць заяву, каб іх цалкам ці часткова вызвалілі ад абавязку прымаць мігрантаў цягам наступнага года. ЕК лічыць, што на гэтыя краіны за апошнія гады прыпала значная міграцыйная нагрузка. Варшава такую просьбу адразу ж падала.
Вядоўца Вікторыя Кірычэнка ў эфіры «Вечаровага палітычнага канала» 24 лістапада 2025 года распавяла, якія праблемы мігранты з Украіны і Беларусі, што сотнямі і тысячамі заязджалі ў Польшчу ў 2020 і 2022 гадах, нібыта дастаўляюць палякам: «Раз на тыдзень стабільна то збеглы беларус, то ўкраінец трапляюць у крымінальныя зводкі». Яна дадала, што некаторыя трапляюць у такія скандалы, што справа даходзіць да дэпартацыі, — таму «у Польшчы хочуць развітацца з мігрантамі».
«І цяпер будуць сумныя навіны для “збеглых” беларусаў. Так, паньства (państwo — у перакладзе з польскай, дзяржава, — рэд.) пачало прымаць крокі па зачыстцы насельніцтва і рыхтаваць тых, хто прыехаў, да выдварэння. Так, знянацку сярод палякаў запусцілі апытанне, што тычыцца міграцыйнай палітыкі, а вынік паказаў, што 40% насельніцтва ўспрымаюць гэта як пагрозу і патрабуюць цвёрдых захадаў. Яшчэ 35% успрымаюць гэта як непазбежнасць і толькі 17% не бачаць у мігрантах праблемы. Іншыя 8% — дзьмухаўцы і не ведаюць, што адказаць», — агучыла вынікі Кірычэнка.
У Польшчы сапраўды ў лістападзе апублікавалі вынікі вялікага апытання, як палякі ўспрымаюць міграцыю. Яны паказалі, што 40% апытаных лічаць міграцыю пагрозай, 35% — «элементам рэальнасці, што патрабуе адпаведнага падыходу з боку дзяржавы», а 17% — «шанцам, які Польшча павінна выкарыстаць». То бок, больш паловы апытаных не бачаць у мігрантах небяспекі. Пры гэтым у тым жа апытанні абсалютная большасць палякаў заявілі, што іх асабісты досвед камунікацыі з мігрантамі — станоўчы. Амаль 70% апытаных пазітыўна ацэньваюць свой кантакт з замежнікамі, якія аказваюць якія-небудзь паслугі (лекарамі, прадаўцамі, цырульнікамі). Яшчэ больш — здаволеныя камунікацыяй з мігрантам-калегам і суседам.
Ні пра якое выдварэнне мігрантаў у апытанні гаворкі не было. Кожны другі апытаны сказаў, што дзяржаве трэба актыўней інтэграваць мігрантаў у польскае грамадства. Больш за тое, даследаванне паказала, што ўсе больш палякаў лічаць, што ў дэбатах пра міграцыю палітыкі перагінаюць палку, ужываючы крыўдныя стэрэатыпы пра замежнікаў.