Заробкі ў Польшчы і Беларусі Рыгор Азаронак абмеркаваў 29 кастрычніка 2025 года ў эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» з вайсковым экспертам Аляксандрам Ціханскім. Вядоўца заявіў, што, нягледзячы на санкцыі супраць Беларусі і буйныя грашовыя ўліванні ў польскую эканоміку звонку, на жыццё ў палякаў і беларусаў застаюцца прыкладна аднолькавыя сумы:
«У нас любяць параўноўваць: “А вось давайце параўнаем нашыя і польскія зарплаты”. Ну, так, хто б нам 300 мільярдаў баксаў падкінуў проста так, а не санкцыі. Але пры гэтым медыянны заробак, тое, што называецца “пасля выліку ўсіх падаткаў і адлічэнняў”, скажам так, на першую патрэбу, — тое на тое і выходзіць».
Рыгор Азаронак няправільна ўжыў тэрмін «медыянная зарплата». Гэта не тая сума, якая застаецца пасля выліку базавых выдаткаў, як ён сказаў. Медыянная зарплата — гэта паказнік, які знаходзіцца роўна пасярэдзіне ўсіх зарплат супрацоўнікаў пэўнай групы (у дадзеным выпадку насельніцтва краіны), якія атрымліваюць зарплату. То бок палова працаўнікоў атрымлівае больш, чым медыянная зарплата, палова — менш.
Звычайна гэты паказнік ніжэй, чым сярэдняя зарплата па краіне. Апошні раз у Беларусі яго разлічвалі ў траўні 2025 года, ён склаў 2014 рублёў ці каля €590. У Менску — 2483 (прыкладна €730).
Калі апусціць памылку Азаронка ў тэрміналогіі і зрабіць разлік па сутнасці таго, што ён сказаў, сцвярджэнне ўсе роўна будзе няслушным. Напрыклад, у Варшаве медыянная зарплата ў 2025-м складае 9019 злотых ці €2112 — утрая больш, чым у менчукоў. Пасля выліку з абедзвюх сум падаткаў і абавязковых унёскаў у варшавякаў застаецца каля €1520 у эквіваленце, у жыхароў беларускай сталіцы — прыкладна €630.
Дапусцім, што ў сярэдняга паляка і беларуса няма свайго жытла. Арэнда аднапакаёвай кватэры ў Варшаве разам з камунальнымі аплатамі абыходзіцца мінімум у €760. У Менску цэны на такое жытло пачынаюцца ад €240, плюс камуналка €30-40. Пасля выліку гэтых сум у паляка, які жыве ў сталіцы, застанецца каля €760, а ў менчука — прыкладна €350, то бок удвая менш.
Выдаткі, напрыклад, на бензін, кошт якога ў нас і ў Польшчы значна адрозніваецца, таксама істотна карціны не памяняюць. Сто літраў паліва ў Польшчы каштуюць €140, у Беларусі — удвая менш. Аднак рэшта зарплаты на руках у паляка ўсе роўна напалову перавышае беларускую.
Існуе і афіцыйны нарматыў, які, як лічаць службоўцы, пакрывае самыя патрэбныя выдаткі сярэднестатыстычнага чалавека на жыццё — бюджэт пражыткавага мінімуму. З 1 лістапада 2025 года ў Беларусі ён складае 491 рубель ці прыкладна €143. У Польшчы нарматыў называецца «Парог сацыяльнага ўмяшання», і для чалавека, які жыве адзін, яго памер — 1010 злотых (каля €230). Калі адняць падаткі, унёскі і гэтыя мінімальныя выдаткі з медыяннай зарплаты, у варшавяка застанецца прыкладна €1290, а ў менчука — каля €500.