Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Яны ніколі не хацелі ў NATO». Што не так з заявай палітолага Пятроўскага пра ўкраінцаў

Госць праграмы «Азаронак. Наўпрост» заявіў, што ўкраінцы заўсёды былі супраць уступлення ў Альянс.

Палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў на СТБ, што ўкраінцы ніколі не хацелі ў NATO, а ўсплёск падтрымкі пасля 2022 года патлумачыў эмоцыямі. Але дадзеныя апытанняў паказваюць іншую карціну: падтрымка ўступлення ў Альянс стала пераважнай яшчэ пасля анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, а пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі вырасла да больш чым 70%.

Кантэкст: 7 і 8 ліпеня 2026 года ў Анкары прайшоў саміт NATO. Яго вынікі эксперты ацэньваюць як станоўчыя для Украіны: саюзнікі ўзгаднілі пакет вайсковай дапамогі на €140 млрд, а Доналд Трамп заявіў, што ЗША могуць даць Украіне ліцэнзію на вытворчасць ракет Patriot, неабходных для абароны ад расейскіх балістычных ракет. Пры гэтым у пытанні ўступлення Украіны ў NATO саміт прарыву не прынёс.

У эфіры стрыму «Азаронак. Наўпрост», праекту тэлеканалу СТБ, 2 ліпеня 2026 года палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што большасць украінцаў нібыта заўсёды былі супраць уступлення ў NATO.

«Украінцы ніколі і не хацелі ў NATO. Па ўсіх апытаннях — яны ніколі не хацелі ў NATO. Адзінае, пасля 2022 года на эмацыйным фоне нешта паднялося, а цяпер нават ніхто і не робіць такіх апытанняў», — сказаў Пятроўскі.

Гэта не адпавядае дадзеным сацапытанняў. Падтрымка ўступлення Украіны ў NATO сапраўды была параўнальна невысокай да 2014 года. Але ўжо ў канцы 2014-га, пасля анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, апытанне сацыялагічнай групы «Рэйтынг» паказала, што больш за палову ўкраінцаў прагаласавалі б на рэферэндуме за ўступленне краіны ў NATO.

Падобныя вынікі фіксавалі ў 2017 і 2019 гадах: больш за палову рэспандэнтаў адказвалі, што на гіпатэтычным рэферэндуме пра ўступленне Украіны ў NATO прагаласавалі б за.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе падтрымка ўступлення Украіны ў NATO вырасла да больш чым 70%.

Крыніца: Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі. Вынікі апытання 6—20 ліпеня 2022 года.

З таго часу яна застаецца высокай, хоць у апошнія месяцы крыху зніжаецца. Апошняе такое апытанне правялі ў чэрвені 2026 года: уступленне ў NATO падтрымалі 63% рэспандэнтаў. Таму сцвярджэнне Пятроўскага, што такія апытанні цяпер не праводзяць, таксама няправільнае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць