Антыфэйк / фактчэк

05 снежня

Урок гісторыі ад Марзалюка: дэпутат прыпісаў Менску стварэнне першага савецкага кампутара

Першы кампутар ENIAC з'явіўся ў ЗША на некалькі гадоў раней — у 1946 годзе.

Першы савецкі кампутар стварылі ў Менску, падзяліўся гістарычнай падрабязнасцю ў эфіры «Беларусь 1» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Каманда Weekly Top Fake высветліла, у чым ён памыліўся.

Пра месца стварэння першага савецкага кампутара дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк згадаў 21 лістапада 2024 года, разважаючы ў эфіры праграмы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1» пра значнасць укладу беларусаў у развіццё СССР. 

«Гэта веліч савецкай гістарычнай традыцыі. Першы кампутар савецкі дзе быў створаны? У Менску, праўда?» — сказаў Марзалюк. 

Першы савецкі кампутар стварылі ў Кіеве ў Інстытуце электратэхнікі Акадэміі навук Украінскай ССР. Ён называўся МЭПМ або Малая электронная падліковая машына. Распрацоўкай кіраваў акадэмік Сяргей Лебедзеў.

Працэс стварэння пачаўся ў 1948 годзе, а першую версію, якая працавала, запусцілі ў эксплуатацыю ў 1951-м. Пасля гэтага машыну пачалі распрацоўваць і ў іншых рэспубліках СССР. 

Першы ж кампутар — ENIAC — з'явіўся ў ЗША на некалькі гадоў раней — у 1946 годзе. 

У Менску стварылі не першыя, а самыя масавыя ЭВМ у СССР. Гэта былі вылічальныя машыны серыі «Менск». Яны складалі больш за палову парку вылічальных машын у СССР таго часу. Выраблялі іх з 1960 года на Менскім заводзе матэматычных машын, які потым назвалі Менскім заводам ЭВМ імя Арджанікідзэ. Зараз месца каля Камароўскага рынку ў сталіцы, дзе ён размяшчаўся, вядома як гандлёвы цэнтр «Імпульс». 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі