Антыфэйк / фактчэк

21 сакавіка

Ваенны экспэрт Алесін абвінаваціў ЗША ў інсцэніроўцы авіякатастрофы, каб схаваць гібель амерыканскіх жаўнераў ва Украіне. Правяраем яго словы

Расея 9 сакавіка паведаміла пра знішчэнне двух установак Patriot у Данецкай вобласці.

Дата з'яўлення фэйка: 13.03.2024
Ваенны аналітык Аляксандр Алесін сцвярджае, што ў выніку знішчэння двух установак Patriot у Данецкай вобласці загінулі амерыканскія вайскоўцы. Паводле яго, каб схаваць гэта, ЗША паведамілі пра буйную авіякатастрофу. Журналісты Weekly Top Fake праверылі гэта сцвярджэнне.

Расея 9 сакавіка паведаміла пра знішчэнне двух установак Patriot у Данецкай вобласці. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і ўкраінскі бок. Праз чатыры дні ваенны аналітык Аляксандр Алесін у інтэрв'ю БелТА заявіў, што гэта толькі частка праўды. 

«У СМІ з'явілася паведамленне, што пасля знішчэння Расейскай Федэрацыяй двух пускавых установак комплексу Patriot і дапаможных машын, у Злучаных Штатах раптам пацярпеў катастрофу верталёт, на борце якога знаходзілася 30 вайскоўцаў. Шмат хто кажа, каб спісаць легальна гэтых людзей, і была прыдуманая гэтая авіяцыйная катастрофа. Для таго каб схаваць той факт, што амерыканскія вайскоўцы загінулі ў баявых дзеяннях на Украіне», — кажа ён.

Амерыканская прэса ў гэтыя дні паведамляла толькі пра адно крушэнне верталёта, у выніку якога загінулі вайскоўцы. Яно адбылося ў Тэхасе 8 Сакавіка, гэта значыць за дзень да паведамлення пра знішчэнне ўстановак Patriot ва Украіне. Тады загінулі два вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі і яшчэ адзін быў паранены.

Пра тое, што звыш 30 вайскоўцаў NATO маглі загінуць у выніку знішчэння двух зенітных ракетных комплексаў Patriot у Пакроўску Данецкай вобласці, паведамлялі расейскія СМІ са спасылкай на былога афіцэра амерыканскай арміі Станіслава Крапіўніка. Як паведамлялі расейскія медыі, Крапіўнік — ураджэнец Луганска. Ён служыў у арміі ЗША 20 гадоў таму, з 1993 па 2004 гады. З 2010-га Крапіўнік пражывае ў Расеі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі