Антыфэйк / фактчэк

22 жніўня

Падарожжа ў часе са «Шкварка News»: у 2023 годзе прэзідэнта Макрона асвісталі на цырымоніі закрыцця Алімпіяды-2024 у Парыжы

Падобны фэйк пра прэзідэнта Францыі каманда WTF ужо развянчала.

Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона асвісталі на цырымоніі закрыцця Алімпіяды ў Парыжы, якое прайшло 11 жніўня. Такую навіну апублікавалі некаторыя расейскія і беларускія медыі і паказалі відэа з гэтым момантам. Каманда Weekly Top Fake высветліла, калі быў зроблены запіс. 

Беларускія і расейскія тэлеканалы Алімпійскія гульні 2024 года не транслявалі, сачыць за спаборніцтвамі ў гэтых краінах можна было толькі на інтэрнэт-пляцоўках. Тэлеграм-канал «Шкварка News» 12 жніўня 2024 года паказаў відэа з нібыта фрагментам цырымоніі закрыцця Алімпіяды ў Парыжы, дзе гледачы з трыбун асвісталі Эмануэля Макрона, які выйшаў да мікрафона. 

Пра гэта ж паведаміла газета «Аргументы і Факты», «Маскоўскі камсамолец» і спецыялізаваныя спартовыя выданні

На трыбуне, якая патрапіла на відэа, напісана Rugby World Cup France 2023. Чэмпіянат свету па рэгбі праходзіў у Францыі ў 2023 годзе. На цырымоніі яго адкрыцця гледачы на стадыёне сапраўды асвісталі Эмануэля Макрона. Такім чынам яны выказалі сваё стаўленне да пенсійнай рэформы, якую ініцыяваў Макрон. У той час яна акурат уступіла ў дзеянне — пачалося паступовае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію з 62 да 64 гадоў да 2030 года, што справакавала хвалю пратэстаў па ўсёй Францыі.

Да Алімпіяды-2024 гэта відэа не мае дачынення. 

Падобны фэйк пра прэзідэнта Францыі каманда WTF ужо развянчала. У канцы лютага 2024 года праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фота Эмануэля Макрона, які нібыта ратуецца ад фермераў, якія ўварваліся ў будынак, дзе праходзіла сельскагаспадарчая выстава. Больш падрабязна чытайце тут.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі