Кантэкст: У Горадні 5—6 чэрвеня 2026 года прайшоў юбілейны XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Яго праводзяць раз на два гады, а гісторыя фестывалю налічвае ўжо 30 гадоў. На цырымоніі адкрыцця выступіў рэдкі госць гэтага свята Аляксандр Лукашэнка, які назваў фестываль унікальным у сваім родзе. Паводле дадзеных беларускіх дзяржаўных СМІ, яго наведалі больш за 80 тыс. чалавек.
Вынікі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур падвялі ў праграме «Галоўны эфір» на News.by* 7 чэрвеня 2026 года. У сюжэце заявілі, што свята аб’яднала прадстаўнікоў 150 нацыянальнасцяў:
«Пятнаццаты па ліку, з удзелам прадстаўнікоў 150 нацыянальнасцяў, гэты фэст як ніхто іншы адлюстроўвае рэальную талерантнасць беларусаў — да ўсіх рэлігіяў, да ўсіх нацыяў, да ўсіх моваў і да людзей».
Лічба выглядае маштабна, але да самога фестывалю яна не адносіцца. Каля 150 — гэта агульная колькасць нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх жывуць у Беларусі, паводле апошняга перапісу насельніцтва. На фестывалі былі прадстаўленыя 42 нацыянальнасці — прыкладна ў 3,5 разу менш. Першы фестываль нацыянальных культур, які прайшоў у 1996 годзе, сабраў прадстаўнікоў 11 нацыянальнасцяў.
Пра талерантнасць беларусаў да прадстаўнікоў розных народаў гаварылі і ў праграме «Клуб рэдактараў» на News.by* 5 чэрвеня 2026 года. Генеральны дырэктар агенцтва «Менск-Навіны», старшыня праўлення Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў заявіў, што колькасць польскай супольнасці ў краіне з пачатку 2000-х нібыта застаецца стабільнай:
«Польска-беларускае пытанне. Памятаеце, у пачатку нулявых? Беларускія палякі — як мы ставіліся. Як была ў Беларусі нацыянальна-культурная польская супольнасць, не меншасць — мы нават слова такое не выкарыстоўваем, — 200 тысяч! Так і цяпер у нас прыкладна столькі ж этнічных палякаў, але беларускіх грамадзян, жыве, займае высокія пасады. У Польшчы колькі беларусаў этнічных засталося?»
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, у 2002 годзе беларусамі сябе назвалі каля 49 тыс. жыхароў краіны. У 2021 годзе іх было ўжо на 7 тыс. больш. То бок колькасць этнічных беларусаў у Польшчы не скарацілася, а вырасла. Пасля масавых пратэстаў і рэпрэсіяў у Беларусі ў 2020 годзе ў Польшчу пераехала яшчэ больш беларусаў, таму іх колькасць у краіне магла павялічыцца і далей.
З польскай супольнасцю ў Беларусі сітуацыя адваротная. Паводле дадзеных апошняга перапісу, палякамі сябе назвалі каля 280 тыс. чалавек. Але раней іх было значна больш. У 1999 годзе палякамі называлі сябе амаль 400 тыс. жыхароў Беларусі. Праз дзесяць гадоў польская супольнасць скарацілася больш чым на 100 тыс. чалавек, а яшчэ праз дзесяць гадоў — прыкладна на 10 тыс. Такім чынам, за апошнія дзесяцігоддзі колькасць этнічных палякаў у Беларусі прыкметна зменшылася.
Акрамя таго, з 2000-х гадоў польская меншасць у Беларусі сутыкаецца з ціскам. Спачатку ўзніклі праблемы вакол Саюзу палякаў, а з 2021 года праходзілі рэйды і затрыманні актывістаў, супраць іх распачыналі крымінальныя справы. Анджэй Пачобут — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў польскай супольнасці, якія пацярпелі ад пераследу.
*News.by — іншая назва Першага інфармацыйнага тэлеканалу, належыць Белтэлерадыёкампаніі.