Антыфэйк / фактчэк 08 кастрычніка 2025

«Нацягнутыя на глобус» выбары. Як дэкан журфаку перабольшыў папулярнасць прарасейскіх сіл у Малдове

Аляксей Бяляеў заявіў, што ў краіне большасць падтрымала расейскі вектар.

Кіроўная партыя Маі Санду на парламенцкіх выбарах у Малдове перамагла толькі дзякуючы дыяспары, распавёў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Праверылі яго падлікі. 

У Малдове 28 верасня 2025 года адбыліся парламенцкія выбары, на якіх перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнткі Маі Санду «Дзеянне і салідарнасць» (Partidul Acțiune și Solidaritate). Абмяркоўваючы гэту падзею праз два дні ў эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» з вядоўцам Вадзімам Шэпетам, дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што праеўрапейскія сілы перамаглі толькі за кошт малдаўскай дыяспары, а жыхары краіны галасавалі за прарасейскія сілы:

«Мы бачым, што сённяшнія праеўрапейскія сілы, якія стаяць ва ўладзе, што ўзначальваюцца Маяй Санду, прэзідэнтам, яны не карыстаюцца ўсярэдзіне самой Рэспублікі Малдова сапраўднай, рэальнай падтрымкай і папулярнасцю. Таму што, па выніках нават гэтых падтасаваных і нацягнутых на глобус, як няшчасная сава, выбараў, усё адно было бачна, што ўсярэдзіне Малдовы, як і ў мінулы раз пры выбарах самога прэзідэнта, перамога была на баку іншых сіл. То бок тых, якія выступаюць за вяртанне да цяснейшага саюзу з Расейскай Федэрацыяй, да вяртання ў сям'ю гэтых былых постсавецкіх рэспублік, за меншае ўзаемадзеянне з Еўропай». 

Абедзве тэзы Бяляева — пра ўплыў дыяспары на вынік выбараў і агульную перамогу прарасейскіх сіл — разыходзяцца з рэчаіснасцю. 

Кіроўная партыя «Дзеянне і салідарнасць» набрала 50,2% галасоў. Другое месца заняў «Патрыятычны блок» (Blocul Electoral Patriotic), які называюць прарасейскай палітычнай сілай. Яго падтрымалі 24,17% выбарцаў. 

За мяжой у парламенцкіх выбарах узялі ўдзел амаль 280 тысяч выбарцаў — гэта 17,5% ад усіх асобаў, якія прагаласавалі. Большасць з іх падтрымалі партыю «Дзеянне і салідарнасць». У ЗША, Японіі, Румыніі, Індыі, Канадзе і Даніі колькасць галасоў, аддадзеных за яе, перавысіла 80%. Толькі ў трох краінах — Расеі, Беларусі і Балгарыі — наперад выйшаў прарасейскі «Патрыятычны блок».

Усярэдзіне Малдовы кіроўная партыя таксама стала лідарам — за яе прагаласавалі каля 44% выбарцаў. За «Патрыятычны блок» — 28%. 

Іншыя тры партыі, што ўдзельнічалі ў выбарах, не выступаюць за вяртанне Малдовы «у сям'ю постсавецкіх рэспублік». «Дэмакратыя ўдома» (Democraţia Acasă) падтрымлівае з'яднанне Малдовы з Румыніяй. Блок «Альтэрнатыва» (Blocul Alternativa) выступае за ўступленне ў ЕЗ, хоць аднаму з яе лідараў Румынія забараніла ўезд у краіну з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, падазраючы яго ў сувязях з Расеяй. «Наша партыя» (Partidul Nostru) заклікае прыпыніць спрэчкі пра геапалітычны выбар на 10 гадоў, хоць яе лідар, бізнесовец Рэната Вусаты выказаўся за прагматычныя эканамічныя адносіны з Расеяй і куплю ў яе газу, за што і яго часам называюць прарасейскім.

Калі падсумоўваць вынікі партый і блокаў з еўрапейскім вектарам, яны набіраюць 60% галасоў. Умоўна прарасейскія — 35%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць