Антыфэйк / фактчэк Сёння

Як не плаціць за сяброўства, але застацца ў «Радзе міру» Трампа? Лукашэнка заявіў, што знайшоў спосаб, мы яго праверылі

Каманда WTF вывучыла статут арганізацыі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь зможа застацца ў створанай Доналдам Трампам «Радзе міру» і без унёску ў $1 млрд — пры ўмове «добрай працы ў імя міру». Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці прадугледжана такая ўмова ў статуце новай структуры. 

Кантэкст: 16 студзеня 2026 года Доналд Трамп абвясціў пра стварэнне «Рады міру», новага міжнароднага органа, які выглядае як альтэрнатыва ААН. Цырымонія падпісання яго статута прайшла 22 студзеня на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Паводле слоў прэзідэнта ЗША, новая структура павінна займацца ўрэгуляваннем канфліктаў, перадусім у Газе, а ў перспектыве — пашырыць працу на іншыя крызісы. У спісе запрошаных удзельнікаў — каля 60 краін, сярод іх Беларусь, Украіна і Расея, а таксама Еўракамісія. 

20 студзеня 2026 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент пра ўступ у «Раду міру» першым у Еўропе. Пры гэтым ён заявіў, што мае намер заставацца ў арганізацыі, але без выплаты ўнёску:

«Мільярд патрэбен, калі ты праз тры гады захочаш працаваць. Але ёсць яшчэ ўмова: калі будзеш супрацоўнічаць, добра працаваць у імя міру, то ты і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое».

Каманда Weekly Top Fake вывучыла статут «Рады міру». У дакуменце не паказаныя крытэры, па якіх краіна можа застацца ў арганізацыі пасля заканчэння мандата. У ім гаворыцца, што атрымаць мандат на тры гады могуць толькі тыя дзяржавы, якія асабіста запрасіў кіраўнік Рады — то бок Доналд Трамп. Ён жа вырашае, хто застанецца ў арганізацыі пасля сканчэння тэрміну.

Асобна ў статуце апісаны механізм, які дазваляе не залежаць ад гэтага рашэння: краіна можа ўнесці не меней за $1 млрд цягам першага года працы Рады — і тады абмежаванне па тэрміне мандата на яе не шырыцца. Таксама ў дакуменце паказана, што кіраўнік Рады можа спыніць чалецтва краіны датэрмінова. Аднак такое рашэнне можа быць заблакаванае, калі супраць яго выступяць дзве траціны ўдзельнікаў.

То бок у статуце няма ўмовы пра падаўжэнне чалецтва за добрую працу на карысць міру: або краіна залежыць ад рашэння кіраўніка Рады, або выконвае фінансавую ўмову, прапісаную ў дакуменце.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць