Антыфэйк / фактчэк Учора

Не першы і не адзіны. Выкрылі фэйкі ад АНТ і СТБ пра асаблівае стаўленне да Лукашэнкі на саміце ШАС

Заявы беларускіх тэлеканалаў супярэчаць дадзеным пра сустрэчы Сі Цзіньпіна і іншым фактам.

На беларускім тэлебачанні распавялі пра выключнае стаўленне старшыні КНР Сі Цзіньпіна да Аляксандра Лукашэнкі: і сустрэча з ім у прыярытэце, і ў аэрапорце па прылёце яго сустракалі артысткі ў нацыянальных касцюмах. Каманда Weekly Top Fake праверыла адносіны палітыкаў на выключнасць.

У Кітаі з 31 жніўня па 1 верасня 2025 года прайшоў 25-ы саміт Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС). Асвятляючы гэту падзею ў апошні дзень лета, у эфіры АНТ паказалі рэпартаж палітычнага аглядальніка Ігара Тура. У ім расказалі, што «адметнае стаўленне Сі Цзіньпіна да беларускага лідара выяўляецца ва ўсім: … цырыманіяле па прылёце, асаблівым шыку картэжу, што на мове дыпламатыі вельмі важна».

«Але галоўнае — лідар магутнага Кітая, які ў гэтыя дні прымае цэлы россып кіраўнікоў краін ШАС, першай сваёй двухбаковай сустрэчай, на першае месца прыярытэтаў ставіць Беларусь», — сказана ў сюжэце. 

Двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна сапраўды адбылася. Аднак на сайце Міністэрства замежных спраў КНР, дзе публікуецца інфармацыя пра сустрэчы з кіраўнікамі замежных дзяржаў, паказана, што першая была з генеральным сакратаром ААН. У той жа дзень — 30 жніўня — кіраўнік Кітая паспеў сустрэцца з лідарамі Егіпта, Камбоджы, М'янмы, Непала і Казахстану. Прадстаўнік Беларусі з'явіўся ў графіку гаспадара саміту толькі на наступны дзень, пасля перамоў з прэм'ер-міністрам Арменіі. 

Пра адметнае стаўленне Сі Цзіньпіна да Аляксандра Лукашэнкі распавялі і ў эфіры СТБ. У рэпартажы з месца падзей карэспандэнт Яўген Пуставы перадаў:

«Чырвоная дывановая дарожка і ганаровая варта для Пуціна, Модзі, Гутэрыш. Аляксандра Лукашэнку віталі яшчэ і некалькі аўтобусаў дзяўчат у нацыянальных касцюмах». 

Каманда WTF знайшла відэа з сустрэчы прадстаўнікоў іншых краін, што ўдзельнічалі ў саміце. Прэм'ер-міністра Індыі ў Кітаі апроч ганаровай варты таксама віталі артысткі, якія танцуюць у нацыянальных касцюмах. Аналагічная сітуацыя была пры сустрэчы прэзідэнта Турцыі і выконваючага абавязкі прэзідэнта М'янмы. Артысткі танчылі таксама пры сустрэчы лідараў Егіпта, Пакістана, Непала, Арменіі, Таджыкістану, Узбекістана, Азербайджану і Кыргызстану. Гэта не было выключным жэстам у бок Лукашэнкі. 

Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах не танцавалі ў двух выпадках: калі прыляцеў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін (яго вітала толькі ганаровая варта) і для генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць