Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Сітуацыя ў корані змянілася». Як «СБ. Беларусь сёння» прыпісала Лукашэнку ўзрост ураджайнасці зерня

Новаабраны прэзідэнт сапраўды паўплываў на намалоты, але не так, як напісаў аўтар матэрыялу.

Пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам у 1994 годзе вытворчасць зерня ў Беларусі вырасла, напісаў супрацоўнік газеты «СБ. Беларусь сёння» Васіль Гедройц у сваім матэрыяле. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што адбылося адваротнае — ураджайнасць тады зменшылася.

Артыкул пра пазітыўны ўплыў Аляксандра Лукашэнкі на абʼёмы вытворчасці зерня ў Беларусі газета «СБ. Беларусь сёння» апублікавала 23 кастрычніка 2025 года.

«Ва ўсім свеце прынята лічыць: дзяржава, што вырабляе тону збожжа на чалавека, забяспечыла высокі ўзровень харчовай бяспекі. Менавіта на такі паказнік выйшла наша краіна ў апошнія гады. Але так было не заўсёды. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя зерня выраблялася ледзь не ўдвая менш за цяперашняе. Пасля абрання ў 1994 годзе Прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сітуацыя ў корані змянілася», — напісана ў першым абзацы матэрыялу.

З канца 1980-х да прыходу Лукашэнкі да ўлады, паводле дадзеных Белстату, Беларусь штогод збірала па 6-7 млн тон збожжавых (без уліку рапсу). Для параўнання: летась ураджай склаў 8 млн тон, у 2025-м — 9 млн тон. Гэтыя лічбы робяць заяву Васіля Гедройца праўдападобнай. Аднак пасля абрання Лукашэнкі ў 1994 годзе ўраджайнасць, наадварот, зменшылася: прыкладам, у 1999-м сабралі ўсяго 3,5 млн тон — удвая менш, чым у 1993-м. Толькі ў сярэдзіне 2000-х ураджай збожжавых пачаў аднаўляцца: у 2004 годзе ўпершыню сабралі 7 млн тон.

У апошнія 10 гадоў валавы збор вагаецца ў межах 7-8,5 млн тон збожжа. Гэта прыкладна на мільён тон больш, чым да прыходу Лукашэнкі, і ў паўтара-два разу вышэй, чым напачатку яго кіравання.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць