Антыфэйк / фактчэк

27 студзеня

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі «NATO хоча сюды ўвесці»? Вывучылі праграмы прэтэндэнтаў

Каманда WTF вывучыла праграмы чатырох кандыдатаў.

На выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2025 годзе ёсць кандыдат, які падтрымлівае NATO, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад работнікамі Менскага гарадскога тэхнапарку. Каманда Weekly Top Fake вывучыла праграмы чатырох прэтэндэнтаў на высокую пасаду. 

Выбары прэзідэнта Беларусі, якія маюць адбыцца, Аляксандр Лукашэнка згадаў 16 студзеня 2025 года. Відэазапіс яго выступлення перад работнікамі Менскага гарадскога тэхнапарку апублікавала БелТА.

«Калі знойдзеце магчымасць і час — прыйдзіце прагаласуйце. Вызначыцеся і прагаласуйце. Пяць кандыдатаў з рознымі пазіцыямі, розныя пункты гледжання: хтосьці NATO хоча сюды ўвесці, за імі гатовыя прыйсці», — распавёў Лукашэнка. З ягоных словаў не зразумела, што маецца на ўвазе: увядзенне войскаў NATO у Беларусь або ўступленне краіны ў Альянс.

Каманда WTF вывучыла праграмы чатырох кандыдатаў. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч асобным радком прапісаў, што яго партыя падтрымлівае ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), міждзяржаўным нефармальным аб'яднанні краін з эканомікай, якая дынамічна развіваецца, БРІКС і АДКБ — аналаг NATO на постсавецкай прасторы. 

Ганна Канапацкая выступае за нармалізацыю адносін і аднаўленне працоўных сувязяў з усімі суседзямі і партнёрамі. У яе праграме NATO не фігуруе. Праўда, у ёй ёсць пункты пра неабходнасць абмежавання прэзідэнцтва двума тэрмінамі і пра пераход Беларусі да парламенцкай формы праўлення. На выбарах 2020 года яна выступала за выхад Беларусі з АДКБ і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, таму што гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам. Гэтым разам пра гэта не згадваецца. 

Камуніст Сяргей Сыранкоў сцвярджае, што хоча «паглыбіць супрацу з хаўруснікамі па АДКБ і ШАС».

Аляксандр Хіжняк з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці пра палітыку амаль не кажа, толькі мімаходзь згадвае аб развіцці супрацы з міжнароднымі партнёрамі і неабходнасці зняцця санкцый. 

Ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты не заявіў пра сваё жаданне прывесці Беларусь у NATO, войскі Альянсу ў нашу краіну або нават аб выхадзе з АДКБ. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі