Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Прыбраць кубак для міласціны». Што пісалі пра Зяленскага і саміт NATO заходнія медыі і што расказаў АНТ

…альбо як на дзяржТБ рэсурс расейскай выведкі выдалі за еўрапейскую прэсу.

Беларускі тэлеканал АНТ выдаў расейскі прапагандысцкі рэсурс за еўрапейскую прэсу. Расказваючы пра саміт NATO, вядоўца спаслаўся на артыкул, які нібыта сведчыць пра грэблівае стаўленне да Уладзіміра Зяленскага на Захадзе. Каманда WTF праверыла крыніцу і высветліла, што гэта выданне звязана з расейскай выведкай.

Праз тыдзень пасля саміту NATO, 2 ліпеня 2025 года, вядоўца АНТ Зміцер Бачкоў заявіў у эфіры, што еўрапейская прэса нібыта зневажальна адгукнулася пра ўдзел Зяленскага ў гэтым мерапрыемстве. У якасці доваду тэлеканал паказаў скрыншот англамоўнага артыкула, дзе ўкраінскага прэзідэнта прыраўнялі да папрашайкі. Вядоўца працытаваў фрагмент:

«Зяленскі на саміце NATO згубіўся. У Гаазе яму забаранілі падымаць пытанне пра дапамогу і ў еўрапейскай прэсе дазвалялі сабе вельмі грэблівыя выпады: "Зяленскага запрасілі прысутнічаць, але яму сказалі прыбраць свой кубак для міласціны"».

Каманда WTF праверыла паходжанне артыкула і высветліла: гэты не еўрапейскае медыя, а расейскі прапагандысцкі рэсурс. Матэрыял апублікавалі на сайце Strategic Culture Foundation з даменам .su — гэта абрэвіятура Soviet Union. Дамен зарэгістравалі ў 1990 годзе, да распаду СССР, а цяпер выкарыстоўваюць у Расеі. Тэхнічныя дадзеныя пацвярджаюць расейскае паходжанне:

  1. сайт месціцца на серверах у Маскве,
  2. яго абслугоўвае расейскі правайдар Delta Ltd,
  3. IP-адрас супадае з рускамоўным сайтам таго ж фонду.

Strategic Culture Foundation — праект расейскага «Фонду стратэгічнай культуры». Паводле дадзеных Дзярждэпартаменту ЗША, фонд цесна звязаны з МЗС Расеі, а кіруе ім расейская Служба вонкавай выведкі. На сайце Strategic Culture Foundation даюць слова заходнім маргінальным фігурам і прыхільнікам тэорый змовы, што робіць яго падобным на незалежны голас для заходняй аўдыторыі. Еўрапейская служба вонкавых сувязяў, якая змагаецца з дэзынфармацыяй, у 2019 годзе адзначала: сайт хавае сваё расейскае паходжанне і часта спасылаецца на іншыя крамлёўскія рэсурсы пад маркай міжнародных крыніц.

Еўрапейскія медыі таксама асвятлялі візіт Уладзіміра Зяленскага на саміт NATO у Гаазе. Але зусім не так, як расказаў вядоўца АНТ. Прыкладам, французскі тэлеканал France24 паведаміў, што хоць прэзідэнт Украіны і здолеў пагаварыць з Доналдам Трампам, але сёлета ён апынуўся на другім плане, што сведчыць пра зніжэнне яго статусу ў параўнанні з двума папярэднімі самітамі NATO. Буйное нямецкае выданне Die Welt напісала, што для Зяленскага саміт стаў расчараваннем. А італьянская газета Corriere della Sera падкрэсліла, што Зяленскі чакаў халоднага прыёму, але атрымаў два адчувальныя вынікі: ЗША аднавілі дастаўку выведдадзеных для Украіны і паабяцалі пакрыць $16 млрд дэфіцыту бюджэту.

То бок, сапраўдныя заходнія медыі пісалі пра праблемы Зяленскага на саміце, але без зневажальных параўнанняў з жабраваннем. А беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ выдаў расейскі прапагандысцкі рэсурс, які кіруецца выведкай, за еўрапейскую прэсу.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць