Антыфэйк / фактчэк 02 мая

Палякі паставілі помнік пʼянаму савецкаму салдату-гвалтаўніку? Высветлілі, пра што не расказаў камуніст Круглік

Скульптуру ўсталявалі ў Гданьску ў 2013 годзе.

У Польшчы дайшлі да вычварэнства, расказаў першы сакратар Менскага гарадскога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Юры Круглік. Паводле яго словаў, там усталявалі манумент пʼянаму савецкаму салдату, які гвалтуе цяжарную польскую жанчыну. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што не так у гэтай гісторыі.

Беларусь квітнее, таму што захоўвае помнікі Леніну. Да такой высновы прыйшлі дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, першы сакратар Менскага гарадскога камітэту КПБ Юры Круглік і палітолаг Вадзім Ялфімаў, абмяркоўваючы 155-я ўгодкі з дня народзінаў лідара бальшавіцкай рэвалюцыі ў праграме з тэмай «Чырвоны дзень календара». Яна выйшла 22 красавіка 2025 года на «Радыё-Менск» і на ютуб-канале агенцтва «Менск-навіны». Польшча ж, паводле слоў Кругліка, у дачыненні да помнікаў дайшла да вычварэнства:

«Некалькі гадоў таму мне давялося пачытаць, у Польшчы якія помнікі пачалі ўсталёўваць — пʼяны савецкі салдат гвалтуе цяжарную польскую кабету. Я адмыслова пачаў глядзець — ёсць такі помнік, яны яго ўсталявалі».

Камуніст расказаў толькі частку гісторыі. У польскім горадзе Гданьск студэнт Акадэміі вытанчаных мастацтваў стварыў такую гіпсавую скульптуру. У кастрычніку 2013 года ён усталяваў яе на алеі Перамогі — поруч з помнікам танкістам, якія загінулі ў баях за горад у 1945 годзе. Пазней мастак патлумачыў учынак тым, што хацеў прыцягнуць увагу да праблемы масавых згвалтаванняў кабет савецкімі салдатамі ў час вайны — як у Нямеччыне, гэтак і ў Польшчы. Паводле слоў аўтара скульптуры, ён не хацеў сеяць нянавісць, а толькі спрабаваў адлюстраваць трагедыю вайны праз мастацтва ў духу сацрэалізму. Студэнт не ўзгадніў акцыю з уладамі. Скульптура прастаяла некалькі гадзін — яе дэмантавалі пасля звароту абуранай гараджанкі.

Тэму гвалту над кабетамі ў час вызвалення Усходняй Еўропы ад нацыстаў сталі адкрыта абмяркоўваць пасля 1989 года, калі першыя краіны рэгіёну пачалі выходзіць з сацыялістычнага блока, а грамадскасць атрымала доступ да архіваў. Дакладная колькасць пацярпелых кабет невядома, але даследнікі мяркуюць, што гаворка магла ісці пра некалькі мільёнаў. Расейскі бок прызнае, што салдаты Чырвонай арміі здзяйснялі такія злачынствы, але адмаўляе, што яны былі масавымі, бо за гэта чырвонаармейцам пагражаў расстрэл ці турма.

Нямецкія даследнікі гэтай тэмы адзначылі, што кабеты пакутавалі не толькі ад дзеянняў савецкіх ваяроў, але і ад заходніх хаўруснікаў, хоць і радзей.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Польшча не паклікала Ізраіль, Беларусь і Расею на гадавіну вызвалення Аўшвіца? Праверылі словы дэкана журфаку БДУ
Антыфэйк / фактчэк Польшча не паклікала Ізраіль, Беларусь і Расею на гадавіну вызвалення Аўшвіца? Праверылі словы дэкана журфаку БДУ
Аляксей Бяляеў дадаў, што на мерапрыемстве замест пацярпелых і вызваліцеляў прысутнічалі былыя ахоўнікі канцлагера.
23 красавіка 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць