Аб неканфліктнасці афіцыйнага Менску дэпутат Алег Гайдукевіч заявіў 11 кастрычніка 2024 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1», калі каментаваў уручэнне Аляксандру Лукашэнку вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Расеі — ордэна святога апостала Андрэя Першазванага.
«За гэтыя 30 гадоў на прасторах СНД наш прэзідэнт ніводнага канфлікту не спарадзіў, ніводнай не было заявы, якая б кагосьці пакрыўдзіла, не было ніводнага пытання, якім бы можна было нас потым папракнуць», — сказаў Гайдукевіч.
У сярэдзіне траўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым заявіў, што другая Карабахская вайна 2020 года была вызваленчай.
«Я яшчэ падумаў, узгадаў нашую размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удвух. Тады мы зразумелі, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу», — працытавала Лукашэнку Азербайджанскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.
Праз месяц гэтую заяву пракаментаваў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян:
«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджана. І пасля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць? <...> Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І наогул заяўляю, што з гэтага моманту ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь. Наогул».
Арменія стала адзіным чальцом Садружнасці незалежных дзяржаў, які ў пачатку кастрычніка 2024 года на Савеце міністраў замежных спраў СНД у Маскве не падпісаў заяву з асуджэннем аднабаковых санкцый супраць Беларусі і Расеі.