Антыфэйк / фактчэк

14 мая

Лазуткін: Зяленскі пакінуў 300 тысяч пенсіянераў без пенсіяў. Што не так з гэтай заявай палітолага

Сёлета нашыя суседзі ўпершыню адзначылі Дзень памяці і перамогі над нацызмам 8 траўня.

Украіна перапісвае гісторыю. Так палітолаг Андрэй Лазуткін пракаментаваў адмову Кіева святкаваць Дзень Перамогі 9 траўня. Сёлета нашы суседзі ўпершыню адзначылі Дзень памяці і перамогі над нацызмам 8 траўня, як гэта робіцца ў Еўропе. Лазуткін дадаў, што Уладзімір Зяленскі ўвёў даплаты савецкім палітвязням, а 300 тысяч звычайных пенсіянераў пазбавіў пенсіяў. Каманда Weekly Top Fake даведалася, ці так гэта.

Заявы палітолага Андрэя Лазуткіна пра пенсіі, якія цяпер ва Украіне будуць плаціць выбарачна, прагучалі ў эфіры СТБ 7 траўня 2024 года. 

«Ва Украіне з мінулага года афіцыйна ўвялі даплаты савецкім палітвязням. Гэта значыць баевікам украінскіх падпольных арганізацый, якія былі асуджаныя ў савецкі час. Колькі такіх засталося? Ну, чалавек 500. Затое 300 тысяч звычайных пенсіянераў сёлета Зяленскі пакінуў без пенсіяў. Гэта ўнутрана перамешчаныя асобы, якія не прайшлі праверку, альбо знаходзяцца ў шэрай зоне, альбо жылі пад расейскім кантролем, альбо з'ехалі з краіны. То бок зразумела, як выстройваюцца прыярытэты: гэтым плацім, а гэтым не плацім», — сказаў палітолаг.

Украінскія дысідэнты, пісьменнікі, паэты, дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага руху і простыя грамадзяне, якіх у СССР асудзілі за «антысавецкую агітацыю», з мінулага года сапраўды атрымліваюць надбаўку да пенсіяў. Яе плацяць і байцам паўстанцкіх фармаванняў, якія ваявалі за незалежнасць Украіны супраць савецкай улады, у тым ліку ў часовым саюзе з гітлераўскай Нямеччынай. 

Тое, што Украіна прыпыніла выплаты прыкладна 300 тысяч пенсій, таксама праўда. Аднак гэта не значыць, што іх пазбавіліся рэальныя людзі.

У 2014 годзе, калі пачалася вайна на Данбасе, урад Украіны для пенсіянераў, якія вымушаныя былі з'ехаць са сваіх дамоў, увёў правіла: раз у тры ці шэсць месяцаў яны павінны прыходзіць у банк, каб пацвердзіць, што жывыя і грошы паступаюць менавіта ім. Вясной 2020 года праз пандэмію патрабаванне асабіста прыходзіць у банк часова скасавалі. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны зноў з'явілася праблема мноства перамешчаных асоб.

У 2023 годзе правіла праходзіць ідэнтыфікацыю вярнулі. Але цяпер пенсіянеру не абавязкова з'яўляцца ў банк. Дастаткова пацвердзіць асобу праз вэб-партал электронных паслуг пенсійнага фонду або з дапамогай відэаканферэнцыі. Калі чалавек знаходзіцца за мяжой, ён можа звярнуцца ў консульства ці амбасаду Украіны. 

228 тысяч украінскіх пенсіянераў, якія з'ехалі з дому, з лета мінулага года да красавіка гэтага пацвердзілі, што з імі ўсё ў парадку. Каля 300 тысяч гэтага не зрабілі па нейкіх прычынах, таму выплаты пенсіяў ім прыпынілі. Аднак, калі гэтыя людзі пройдуць працэдуру ідэнтыфікацыі, яны зноў змогуць атрымліваць пенсію.

Пра пазбаўленне пенсіі за пражыванне на акупаваных тэрыторыях або па любой іншай прычыне, з пералічаных супрацоўнікам СТБ, з афіцыйных крыніц не вядома. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі