Антыфэйк / фактчэк Сёння

Еўразвяз адмовіўся ад сваёй зброі на карысць ЗША? Расейскі эксперт перакруціў факты пра еўрапейскі ВПК

Аляксандр Цішчанка заявіў, што еўрапейскія краіны мілітарызуюцца не праз пагрозы з боку Расеі.

Еўразвяз адмовіўся ад сваёй вайсковай прамысловасці ва ўгоду ЗША, заявіў у інтэрв'ю БелТА расейскі эксперт у вобласці нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка. Высветлілі, у чым ён не мае рацыі.

Пра вайскова-прамысловы комплекс Еўразвязу Аляксандр Цішчанка разважаў 1 лістапада 2025 года ў інтэрв'ю праекту «У тэме» на ютуб-канале БелТА. Адказваючы на пытанне вядоўцы пра рэакцыю Захаду на гатовасць перапісаць правілы ўжывання зброі сярэдняй далёкасці, у прыватнасці расейскай балістычнай ракеты «Орешник», ён заявіў, што краіны ЕЗ узбройваюцца праз дамоўленасці з ЗША, а «не таму што нас баяцца»:

«Адмовіліся ад танных расейскіх энергарэсурсаў, абавязаліся інвеставаць у Амерыку, абавязаліся закупляць іх энергарэсурсы, закупляць узбраенне. Яны нават адмовіліся ствараць сваё ўзбраенне ў інтарэсах амерыканскага ВПК».

Напэўна, Цішчанка пад адмовай ад расейскіх энерганосьбітаў і абавязаннем інвеставаць у эканоміку ЗША меў на ўвазе пагадненне паміж Вашынгтонам і Бруселем, па якім Еўразвяз, каб пазбегнуць 30% мыты на свае тавары, паабяцаў закупіць амерыканскіх энерганосьбітаў на €700 млрд і больш €500 млрд інвеставаць у амерыканскую эканоміку. Таксама ЕЗ планаваў павялічыць закупы вайсковай і абароннай тэхнікі. Хоць гэта пагадненне не мае абавязковай юрыдычнай сілы для краін Еўразвязу.

ЗША — сапраўды асноўны дастаўнік узбраенняў у Еўропу. На іх даводзіцца больш за палову імпарту зброі. Значная доля знішчальнікаў і СПА еўрапейскіх краін амерыканскай вытворчасці. 

Аднак ЕЗ не адмовіўся ад развіцця свайго ВПК. У 2024-м распрацавалі Еўрапейскую абаронна-прамысловую праграму: па ёй, да 2027 года ў вытворчасць узбраення павінны ўкласці €1,5 млрд, яшчэ мільярд — у даследаванні і распрацоўкі. Таксама прадугледжана палёгкавая крэдытная лінія — €150 млрд пад нізкі адсотак для абаронных заводаў. Умова атрымання сродкаў — прыкладна дзве траціны абсталявання павінна закупляцца ўнутры Еўрапейскай эканамічнай зоны ці ва Украіне. 

Напрыклад, у Нямеччыне кампанія Rheinmetall адкрыла найбуйнейшы ў Еўропе завод па вытворчасці боепрыпасаў, французская кампанія Eurenco аднаўляе вытворчасць выбуховых рэчываў у Бержэраку, новыя вытворчыя лініі, улучаючы парахавыя, будуюць у Балгарыі і Румыніі. Планавалася, што ўжо ў канцы 2025 года вытворчасць снарадаў дасягне 2 млн штук у год. Пакуль выйсці на гэты аб'ём не атрымалася. Тым не менш, з упэўненасцю можна сказаць, што ЕЗ не адмовіўся ад сваёй вайсковай прамысловасці на карысць ЗША.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць