Рыгор Азаронак заявіў, што дроны, якія заляцелі ў Польшчу ў ноч на 10 верасня, апынуліся там па віне ўкраінцаў. Пост з відэа на гэту тэму ён апублікаваў у тэлеграм-канале «Азаронак. СТБ. Беларусь».
«Бандэраўцы даўно навучыліся “ламаць мазгі” [дронаў] і перанакіроўваць з дапамогай РЭБ (радыёэлектронная барацьба — рэд.) гэтыя самыя беспілотнікі. Такім макарам яны і ў Беларусь заляталі, але мы ж не ўпадалі ў істэрыкі».
За некалькі гадзін да гэтага ў тым жа тэлеграм-канале апублікавалі яшчэ адзін пост пра дроны. У ім сказана, што вінавацяць Украіну і самі польскія ўлады:«Ужо і палякі даўно прызналі, што дроны заляцелі выпадкова пасля працы РЭБ».
Каментар польскіх вайскоўцаў у дзень інцыдэнту быў такім: «Па нашай ацэнцы — гэта агрэсія. Можна гэта ўсе, вядома, ізноў праверыць, ці было гэта вылучна памылкай ці гэта мэтанакіраваная праверка нашай гатовасці, нашых сіл і сродкаў. … Расейцы правяраюць, наколькі непранікальная наша абарона».
На паседжанні Сойма ў той жа дзень прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў атаку мэтанакіраванай: «Першы раз падчас гэтай вайны не з боку Украіны як вынік памылкі, дэзарыентацыі дронаў ці невялікіх расейскіх правакацый на мінімальным узроўні, а ўпершыню значная частка гэтых дронаў заляцела ў Польшчу наўпрост з боку Беларусі».
Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі таксама заявіў, што не лічыць залёты дронаў выпадковасцю.
Два фэйкі на гэту тэму прагучалі і ў эфіры «Радыё-Менск» 10 верасня. Палітолаг Пётр Пятроўскі сказаў, што Польшча хавае фатаграфіі дронаў і яны могуць быць не расейскія: «Я сёння паглядзеў Туска ў Сойме, дзе ён заяўляе… Ён кажа: “Гэта расейскія дроны, то-то-то”. Паўтарае як Попка-папугай. Але ніводнага відэа і фотаматэрыялу, які даказвае, чые гэта дроны... Зусім дрона не было. Дама разбураныя ды іншае».
Польскія СМІ публікавалі фатаграфіі дронаў, знойдзеных у розных месцах. Усе яны падобныя да расейскага беспілотніка «Гербера».
Каля двух дзясяткаў дронаў у Польшчу заляцелі з тэрыторыі Украіны і Беларусі ў ноч з 9 на 10 верасня 2025 года. Частку з іх збілі сілы СПА, некаторыя зваліліся самі, галоўным чынам у Люблінскім ваяводстве, недалёка ад мяжы з Украінай. Расея заявіла, што атакавала Украіну і не мела мэт для паразы ў Польшчы.