Антыфэйк / фактчэк 17 жніўня

Дарагая зялёная энергетыка расхістала еўрапейскую эканоміку. Сцвярджэнніі эканаміста Аўдоніна супярэчаць фактам

Госць «Альфа-радыё» убачыў прычыны блэкаўтаў у краінах Заходняй Еўропы ў выкарыстанні энергіі ветру і сонца.

Адмова ад таннай атамнай электраэнергіі і пераход на дарагую ўзнаўляльную зпустошыў нацыянальную сістэму энергетыкі еўрапейскіх краін і негатыўна паўплываў на канкурэнтаздольнасць еўрапейскай прадукцыі, сцвярджае эканаміст Аляксей Аўдонін у эфіры «Альфа-радыё». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што яго інфармацыя састарэла.

Эканаміст Аляксей Аўдонін 5 жніўня 2025 года ў эфіры «Альфа-радыё» агучыў прычыну энергетычных праблем у краінах ЕЗ гэтым летам: на яго думку, адмова ад атамнай энергетыкі на карысць сонца і ветру прывяла да спусташэння еўрапейскіх краін, таму што ўзнаўляльная энергетыка ў разы даражэй і вымывае грошы з эканомікі.

«Яны пайшлі на павадуў Злучаных Штатаў Амерыкі і пачалі адмаўляцца ад сваёй нацыянальнай атамнай энергетыкі, зачыняць атамныя станцыі, пераходзіць нібыта на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, самыя лепшыя, як гаварылася, так, — ветравыя станцыі, сонечныя батарэі. Але апынулася, што сабекошт электраэнергіі, якую выдаюць такія станцыі, у тры-чатыры разы даражэй, чым сабекошт [электраэнергіі], якая ідзе ад атамных электрастанцый», — распавёў Аўдонін.

Узнаўляльная энергетыка сапраўды яшчэ гадоў 10 таму была даражэй. Аднак сітуацыя кардынальна змянілася. Паводле дадзеных штогадовай незалежнай справаздачы World Nuclear Industry Status Report, якая аналізуе стан і развіццё сусветнай атамнай галіны з пачатку 90-х гадоў, з 2009-га па 2024-й сонечная энергія патаннела амаль у 6 разоў, а ветравая — у 2,5 раза. У той жа час кошт атамнай энергіі вырас прыкладна на палову. 

Электраэнергія ад новых атамных станцый абыходзіцца ў некалькі разоў даражэй, чым ад сонца ці ветра. Да такой высновы ў сваёй справаздачы за 2024 год прыйшоў і нямецкі Інстытут сонечных энергетычных сістэм Фраўнгофера. Радыкальны зрух у энергетычнай эканоміцы адзначыла Міжнароднае агенцтва па ўзнаўляльных крыніцах энергіі таксама ў справаздачыза 2023 год: сонца і вецер сталі танней за ўсе іншыя крыніцы, уключаючы газ і атам.

Крыніца: Lazard Estimates, 2024
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць