Антыфэйк / фактчэк

18 снежня

Ярмошына: ЦВК — незалежны орган. Праверылі, хто выбірае і звальняе чальцоў камісіі

Інтэрв'ю апублікавалі ў пачатку снежня 2024 года да 35-годдзя ЦВК Беларусі.

Цэнтральную выбарчую камісію ў 1996 годзе аддзялілі ад парламенту і іншых дзяржаўных структур, яна набыла статус незалежнага органа, распавяла экс-старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю БелТА. Каманда Weekly Top Fake праверыла Цэнтрвыбаркам на самастойнасць.

Пра незалежнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі былая яе старшыня Лідзія Ярмошына згадала, калі распавядала Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву, як пачалася яе кар'ера. Інтэрв'ю апублікавалі ў пачатку снежня 2024 года да 35-годдзя ЦВК Беларусі.

«Самае галоўнае, што ў 1996 годзе Цэнтральная камісія набыла статус незалежнага органа. Яна была аддзеленая ад парламенту і наогул любой дзяржаўнай структуры. Гэта і з'яўляецца самым галоўным. Незалежнасць дазволіла нам, па сутнасці справы, праводзіць уласную электаральную палітыку. І дазволіла сапраўды стварыць нейкі аўтарытэтны, асаблівы орган у вачах выбаршчыкаў і міжнароднай супольнасці», — распавяла Ярмошына.

Па Канстытуцыі 1994 года, чальцоў выбарчай камісіі прызначаў Вярхоўны Савет — выбарны орган з 260 дэпутатаў. У 1996 годзе, пасля канстытуцыйных зменаў, ініцыяваных Аляксандрам Лукашэнкам, паўнамоцтвы прэзідэнта ў дачыненні да ЦВК пашырылі, а парламенту — скарацілі. Кіраўнік дзяржавы атрымаў права самастойна прызначаць палову яе чальцоў і са згоды Савета Рэспублікі — старшыню выбарчай камісіі. Астатніх чальцоў камісіі — шэсць чалавек — выбірала верхняя палата парламенту. Прэзідэнту таксама дазволілі звальняць усіх членаў ЦВК. 

У 2022 годзе ў Канстытуцыю зноў унеслі змены, якія яшчэ больш пашырылі паўнамоцтвы прэзідэнта. Парламент з працэдуры выбару чальцоў ЦВК выключылі. Цяпер прэзідэнт можа прапаноўваць усіх чальцоў і старшыню выбарчай камісіі і ўзгадняць іх кандыдатуры з вузкім колам Прэзідыума УНС, пасля чаго Усебеларускі народны сход іх зацвярджае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі