Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Беларускі сілавік» выдаў відэа з ЗША за прыбіранне снегу ў Менску

Мы знайшлі арыгінал публікацыі ў LinkedIn.

На фоне моцнага снегападу ў Беларусі тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» апублікаваў пост пра тое, што да прыбірання наступстваў непагадзі прыцягнулі цяжкую бранятэхніку, і суправадзіў яго відэа нібыта з Менску. У каментарах ролік выклікаў здзіўленне некаторых чытачоў. Каманда Weekly Top Fake праверыла паходжанне запісу і высветліла, што яго знялі не ў Беларусі.

Кантэкст: 9 студзеня 2026 года на Беларусь абрынуўся снежны цыклон «Улі» з моцным ветрам, паралізавала рух транспарту. Больш за ўсё замяло Магілёў, там за 12 гадзін выпала больш за палову месячнай нормы ападкаў. МУС прыцягнула да прыбірання дарог цяжкія ўсюдыходы і бронетранспарцёры, тэхніцы дапамагалі тысячы валанцёраў. Гэта зіма выдалася снежнай у большасці краін Еўропы.

Пост з апісаннем паспяховага змагання беларускіх службаў з наступствамі непагадзі 9 студзеня 2026 года апублікаваў тэлеграм-канал «Беларускі сілавік».

«Пачалося, на вуліцы гарадоў Беларусі выводзяць цяжкую бранятэхніку: БТРы і ББМы, якія будуць дапамагаць ліквідаваць наступствы моцнага снегападу. МУС у стрэльбу, МНС таксама. Красунчыкі, карацей. У Менску ўвогуле яшчэ і машыны, якія закідалі снегам, чысцяць як на відэа. Еўрапейцам не паказвайце толькі, кандрацій схопіць», — гаворыцца ў паведамленні.

Запіс суправадзілі відэа, пададзеным як ілюстрацыя прыбірання снегу ў Беларусі. На ім паказаны сучасны трактар, які чысціць ад снегу прыпаркаваныя аўтамабілі.

Беларусы і расейцы ў каментарах дзівіліся такой тэхніцы — ніколі не бачылі яе на вуліцах. Адзін з чытачоў напісаў: «Адны Мерседэсы і ўсё без нумароў. Ці гэта ШІ ці гэта не Беларусь».

Каманда Weekly Top Fake праверыла, дзе быў зроблены запіс, — апынулася, што гэта зусім не Беларусь. Праз пошук па малюнку журналісты высветлілі, што ў інтэрнэце гэта відэа зʼявілася месяц таму. У адных крыніцах сцвярджаецца, што гэта Нямеччына, у іншых — што Турцыя.

Арыгінал мы знайшлі ў прафесійнай сацыяльнай сетцы LinkedIn. Менеджар па продажах салона Mercedes-Benz у амерыканскім Мінэапалісе выклаў гэта відэа ў снежні 2025-га з падзякай за хуткае прыбіранне снегу на пляцоўцы, якая зэканоміла сілы і час супрацоўнікаў аўтасалона. На відэа бачна, што трактар не беларускі, а амерыканскага брэнда Bobcat. Лагатыпы і нумар мадэлі машыны супадаюць з паказанымі на відэа ў посце тэлеграм-каналу «Беларускі сілавік».

Такім чынам, праверка паказала, што запіс, якім тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» праілюстраваў прыбіранне снегу нібыта ў Беларусі, зроблена не ў беларускім горадзе і зʼявілася ў сеціве раней за апісаныя падзеі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць