Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Рускіх народаў тры». Рыгор Азаронак выбарачна працытаваў Максіма Багдановіча

Знайшлі ў першакрыніцы высновы класіка, якія не ўпісаліся ў ідэалагічную канцэпцыю вядоўцы СТБ.

Вядоўца дзяржтэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак апублікаваў у сацсетцы Threads фрагмент эсэ Максіма Багдановіча «А хто мы такія?», які дапамагае абгрунтаваць ідэю нацыянальнага адзінства беларусаў і рускіх. Аднак ён прывёў словы класіка выбарачна, праігнараваўшы высновы аўтара пра крыўды з боку суседзяў і знішчэнне свайго, беларускага. Да гэтага міністр інфармацыі Марат Маркаў прыстрашыў статусам экстрэмістаў усіх удзельнікаў дыскусій пра ўшчамленне моў у Беларусі.

21 лютага ўва ўсім свеце адзначалі Дзень роднай мовы. У Беларусі з такой нагоды міністр інфармацыі Марат Маркаў прыстрашыў статусам экстрэмістаў усіх, хто занадта заўзята заяўляе пра ўшчамленне як беларускай, гэтак і рускай моў. І з першымі, і з другімі, як ён сказаў, трэба змагацца.

«Адны моўцы пра тое, што беларускую мову ўшчамляюць у краіне, а іншыя, якія крычаць пра тое, што ўшчамляюць рускую мову. І тыя, і іншыя, яны працуюць не на карысць дзяржавы. І тыя, і іншыя, будзем так казаць, вельмі блізкія да таго, каб заявіць у дачыненні пра тое, што яны праяўляюць экстрэмісцкія ідэі, таму што спрабуюць унесці разлад у наша грамадства», — заявіў службовец у праграме «Суровы пагляд» на СТБ 22 лютага 2026 года.

Услед за міністрам да тэмы нацыянальнага самавызначэння звярнуўся вядоўца дзяржтэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак. 26 лютага ў сацсетцы Threads ён апублікаваў па-расейску фрагмент тэксту Максіма Багдановіча, у якім беларускі класік разважае пра паходжанне «трох рускіх народаў»:

«Рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню, але шмат часу жылі паасобку, і так сталася з іх тры розных рускіх народы; у кожнага — сваё найменне, свая гаворка, свае звычаі, свае песні, свая вопратка. Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі; завецца ён велікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца ўкраінскім. Мы — трэці народ рускага кораню, завёмся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь».

Каманда Weekly Top Fake вывучыла першакрыніцу — ліст да простых людзей «А хто мы такія?». Азаронак прывёў словы класіка выбарачна: ён праігнараваў высновы аўтара пра гісторыю адносін Беларусі з суседзямі.

«Праз соткі год жылі мы так, не даючыся нікому; але, урэшце, перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. А калі знішчылі Польшчу, дасталіся мы Расіі. Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх», — напісаў Багдановіч.

У тым жа эсэ ён заклікаў беларусаў: «Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу».

Рыгор Азаронак выкарыстаў толькі тую частку тэксту, якая ўкладаецца ў ідэалагічную канцэпцыю адзінства з усходняй суседкай. Пры гэтым ён цалкам праігнараваў словы аўтара пра шматлікія крыўды з боку суседзяў, да якіх паэт адносіў і Расею.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць