Антыфэйк / фактчэк

02 мая

Дзяржаўныя СМІ замаўчалі праблемы прадпрыемстваў у Баранавічах, дзе віцэ-прэм'ер пабываў з візітам

Каманда WTF высветліла, што праўладнае медыя пакінула за кадрам.

Дата з'яўлення фэйка: 23.04.2024
Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, 23 красавіка, дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА напісала пра візіт віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне (БВБА). Каманда Weekly Top Fake разабралася, пра што не напісалі праўладныя СМІ.

У навінавай нататцы БелТА падрабязна распавядаецца, як высокапастаўлены чыноўнік пабываў у вытворчым корпусе БВБА, з якой новай аўтаматызаванай вытворчасцю азнаёміўся. БелТА асвятліла наведванне віцэ-прэм'ерам раскройнага ўчастка швейнай фабрыкі «Блакіт», ткацкай і аздобнай фабрыкі, а таксама размову з калектывам.

У навінах таксама распавялі, што Пархомчык вызначыў патрабаванні па дасягненні асноўных паказнікаў эфектыўнасці прадпрыемства. Але БелТА замаўчала прычыны візіту высокага чыноўніка і неабходнасці ўвядзення новых паказнікаў.

Каманда WTF высветліла, што менавіта праўладнае медыя пакінула за кадрам. У 2012-2015 гадах на БВБА прайшла мадэрнізацыя — і прадпрыемства апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы, з якога не можа выбрацца дагэтуль.

Па выніках 2023 года, аб'яднанне спрацавала на 21 млн рублёў страт. Гэта ў 17 разоў больш, чым годам раней. 2020 і 2021 таксама былі стратнымі. Дзяржава пакрывае банкам частку працэнтаў па крэдытах.

У лютым прадпрыемства ў Баранавічах нават далучылі да Аршанскага ільнокамбінату, якому дзяржава таксама дапамагае разлічвацца з банкамі.

Але пра гэта напярэдадні ўсенароднага сходу праўладныя СМІ не пісалі. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі