17 траўня, прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што ў краіне дасягнуты «рэкордна высокі» узровень сярэдняй заработнай платы – 1731 беларускі рубель. БРЦ праверыў, наколькі блізкія заробкі беларусаў да заяўленай Галоўчанкі лічбы.
Мы прааналізавалі прапанаваныя заработныя платы на сайце дзяржаўнай службы занятасці. На момант напісання матэрыялу ў базе было апублікавана 117580 вакансіяў. 113 383 з іх прапануюць заробак меншы, чым абвясціў Галоўчанка. У гэты спіс уваходзяць і вакансіі з працай не на поўную стаўку. Напрыклад, мы знайшлі 7008 прапаноў, дзе заробак не дасягае «мінімалкі» у 554 рублі. У гэтых выпадках размова ідзе аб частковай занятасці.
Некаторыя працадаўцы прапануюць пайсці працаваць за суму меншую за мінімальную зарплату, але фактычна на поўную стаўку. Напрыклад, гомельскі філіял «Белпошта» шукае паштальёна, які пагодзіцца працаваць на 0.97 стаўкі за 538 рублёў.
Журналіст БРЦ, назваўшыся зацікаўленым, патэлефанаваў па ўказаным у абʼяве тэлефоне і спытаў, чаму пазначана такая дзіўная стаўка. У аддзеле кадраў паштовай службы адказалі, што гаворка ідзе пра «няпоўную занятасць», але па сутнасці апісалі працу ў ненармаваным графіку.
«Больш газет – пазней дома, менш газет – раней дома. Зрабілі працу – вольныя», – сказала супрацоўніца, дадаўшы, што фіксаванай нормы ў гадзінах у іх няма, а заробак не залежыць ад абʼёму праведзенай працы, але можа быць павялічаны праз год працы або за кошт працэнта ад падпіскі.
Пры гэтым разрыў максімальнага і мінімальнага заробку на сайце службы вялікі. Самы маленькі заробак (за 0,5 стаўкі) прапануе «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёну» за працу сядзелкі – ад 38 да 409 рублёў.
Самую высокую зарплату з указаных на сайце прапануе авіякампанія «Белавія» камандзіру паветранага судна – ад 8000 да 18000 за поўную стаўку.
У сістэме падлікаў заробкаў насельніцтва існуе яшчэ адзін паказнік – медыяны заробак. Гэта сума, больш за якую зарабляе палова ўсіх працаўнікоў. Апошні актуальны паказнік, які публікаваў Белстат – за лістапад 2022 года. Тады медыяны заробак у Беларусі складаў 1248 рублёў. На сайце Службы занятасці заробак вышэйшы ці столькі ж прапануюць толькі ў 26% вакансіяў.
Іншыя Навіны
Факты, каментары
Лукашэнка сустракаецца з Пуціным і расейскімі чыноўнікамі часцей, чым праводзіць сустрэчы па беларускіх тэмах
Падчас адкрытай часткі нефармальнага абеду палітыкі абмеркавалі размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі.
Факты, каментары
Колькасць больніцаў у Беларусі знізілася да гістарычнага мінімуму. Мацней за ўсё пацярпела Магілёўская вобласць
Разбіраемся, наколькі складаней у Беларусі стала легчы ў лякарню.
Факты, каментары
За год колькасць СМІ ў Беларусі скарацілася ў паўтара раза. БРЦ даведаўся, колькі засталося дзяржаўных і незалежных медыяў
БРЦ вывучыў статыстыку міністэрства інфармацыі і даведаўся, колькі засталося дзяржаўных і незалежных медыяў.