Навіны

26 лютага 2023

Улады ЕЗ актыўна адрэагавалі на расследаванне абыходу санкцый супраць «Горадні Азота»

Паводле версіі следства, для абыходу міжнародных санкцый магла быць выкарыстана «падстаўная» кампанія, зарэгістраваная ў Беларусі і якая не падпадала пад санкцыі.

23 лютага адбылася прэсавая канферэнцыя мытных органаў Літвы. Па словах дырэктара крымінальнай службы літоўскай мытні Мантаса Каўшыласа, падчас дасудовага расследавання былі праведзены ператрусы ў трох літоўскіх гарадах, у розных кампаніях. Яны падазраюцца ва ўдзеле ў «ценявых» схемах па абходзе міжнародных санкцый. Таксама затрыманыя дзве асобы, якія падазраюцца ў датычнасці да расследуемых злачынстваў.

Акрамя таго, мытня затрымала 3000 тон карбаміду, кошт якіх перавышае 2 млн эўраў. Іх спрабавалі перавезці па чыгунцы. Каўшылас паведаміў, што гаворка ідзе пра груз, які мы знялі на камеру ў клайпедскім порце падчас нашага расследавання.

Паводле яго слоў, уладальнік і менеджар названай у нашым расследаванні кампаніі «Rogera» арыштаваны, – пра гэта паведамілі нашы калегі з выдання Siena.

Па версіі следства, для абыходу міжнародных санкцый магла быць выкарыстана «падстаўная» кампанія, якая была зарэгістраваная ў Беларусі і не падпадала пад санкцыі.

Дадзеныя, прадстаўленыя крымінальнай службай літоўскай мытні, супадаюць з дадзенымі з нашага расследавання, падчас якога мы выявілі кампанію-пракладку «Тэхнаспецтрэйдынг», зарэгістраваную ў Беларусі, яна пастаўляла ў Еўропу ўгнаенні ў абыход санкцый, накладзеных на вытворцу гэтых угнаенняў – кампанію «Горадня Азот».

У ноч на 14 лютага, на памежным пункце пропуску Райгардарс (Літва) (з боку Беларусі – пункт пропуску Прывалка), былі затрыманыя дзве фуры, якія на той момант ужо прайшлі мытны кантроль Літоўскай Рэспублікі. Кіраўніку Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам першага грузавіка, які, на камеру, пацвердзіў, што ўгнаенні пагрузілі ў яго машыну менавіта на прадпрыемстве «Горадня Азот». Кіроўца таксама паведаміў, што ён не ў курсе, што груз санкцыйны і проста вязе яго да месца прызначэння. Шафёр другой фуры пацвердзіў аналагічнае паходжанне свайго грузу. Пасля 3-гадзіннага супрацьстаяння з кіроўцамі і літоўскай паліцыяй, апоўначы, на месца здарэння прыбылі высокапастаўленыя супрацоўнікі літоўскай мытні і вярнулі грузавікі назад для дадатковага кантролю.

На наступны дзень літоўская мытня апублікавала прэс-рэліз, у якім гаварылася, што яны распачалі дасудовае расследаванне па факце ўхілення ад санкцый.

Гэта акцыя атрымала вялікі рэзананс у рэгіянальных медыях.

Акцыя на літоўска-беларускай мяжы ў ноч з 13 на 14 лютага 2023 г.
Крыніца: БРЦ / Акцыя на літоўска-беларускай мяжы ў ноч з 13 на 14 лютага 2023 г.

21 лютага, наш калега па OCCRP, журналіст расследавальніцкага цэнтра Siena.lt узяў інтэрвʼю ў міністра транспарту Літвы і кіраўніка літоўскіх чыгунак для нашай сумеснай публікацыі, прадставіўшы ім доказы. Яны заявілі аб намеры прыняць меры. У сваю чаргу, Міністр транспарту Літвы Марус Скуадзіс пазней напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Дарэчы, тыдзень таму мы звярнуліся ў праваахоўныя органы наконт схем абыходу санкцый, расследаваных «Сіенай». [...] Пытанне, чаму мы атрымалі інфармацыю пра магчымыя парушэнні ад журналістаў, я пакідаю адкрытым. [...] Ну і адышоўшы ад палітыкі, рэспект Шарунасу Чарняўскасу і ўсёй камандзе за расследаванні».

Літоўскія чыгункі правялі прэс-канферэнцыю, на якой былі паказаныя арыштаваныя чыгуначныя вагоны з забароненымі да ўвозу ўгнаеннямі з нашай публікацыі. Дадзеныя вагоны былі знятыя нашым журналістам Аляксандрам Ярашэвічам, таксама ўдалося высветліць, што кампаніяй-пастаўшчыком, дадзенага грузу была фірма «Тэхнаспецтрэйдзінг», менавіта пра яе БРЦ расказваў ў сваім расследаванні, як пра фірму для абыходу санкцый і пастаўкі прадукцыі «Горадні Азота».

Кіраўнік мытнага дэпартаменту адзначыў, што ён бачыць неабходнасць у больш эфектыўных інструментах і больш якасным рэгуляванні.

«Пастаянна ўзнікаюць новыя схемы, новыя спосабы і спробы абыходу санкцый, мы пастаянна назіраем гэты працэс», – заявіў журналістам кіраўнік Мытнага дэпартаменту Літвы Дарус Жвіронас.

У сваю чаргу Міністэрства замежных спраў Літвы ініцыявала заканадаўчыя дзеянні па ўзмацненні санкцыйнага кантролю ў аднабаковым парадку. Ведамства прапануе ўвесці пакаранні за парушэнне як міжнародных, так і нацыянальных санкцый і ўнесці адпаведныя змены ў Кодэкс адміністрацыйных правапарушэнняў і ў Крымінальны кодэкс.

«Беларускім афіцэрам КДБ даручана ствараць схемы атрымання даходаў для рэжыму, і яны робяць гэта з раніцы да ночы. Кожны дзень нашы ўстановы выяўляюць нейкія схемы па абыходзе санкцыяў. [...] У гэтых схемах удзельнічаюць таксама замежныя кампаніі і, на жаль, літоўскія кампаніі. Вядома, я не выключаю, што такіх схемаў будзе больш, паколькі яны распрацоўваюцца кожны дзень», – заявіў журналістам міністр транспарту і сувязі Літвы Марус Скуадзіс.

Шэраг еўрапейскіх медыяў перадрукавалі публікацыі БРЦ, заклікаючы ЕЗ да дзеянняў.

Міністр замежных спраў Нідэрландаў заклікаў ЕЗ стварыць спецыялізаваную групу, якая б працавала над перадухіленнем такіх схем.

«ЕЗ павінен выкарыстоўваць усю моц сваёй калектыўнай эканомікі і сістэм крымінальнага правасуддзя супраць тых, хто дапамагае ўхіляцца ад санкцый», – сказаў ён.

22 лютага, Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту (EESC) у Бруселі. Выступаючы на пасяджэнні, яна прапанавала Еўразвязу стварыць рабочую групу для кантролю за выкананнем санкцый.

«Санкцыі супраць рэжыму не павінны мець шчылін», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Яна нагадала, пра тое, як актывісты «Рабочага Руху», спынілі 2 фуры з падсанкцыйным грузам з «Горадня Азота» і заявіла, што кампанія «працягвае экспартаваць прадукцыю ў ЕЗ, нягледзячы на санкцыі». Яна заклікала ESEC падтрымаць прымяненне артыкула 33 статута Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) супраць афіцыйнага Менску ў сувязі з «рэпрэсіямі ў дачыненні да працоўных».

Іншыя Навіны