Навіны

11 красавіка 2023

У Літве правяраюць кампаніі, якія падазраюць ва ўвозе санкцыйнай беларускай драўніны праз Азію

Пакуль улады не называюць тых, хто займаўся імпартам беларускіх тавараў.

Дзяржаўная служба па абароне правоў спажыўцоў Літвы праводзіць расследаванне ў дачыненні да 95 літоўскіх кампаній, якія займаюцца імпартам драўніны з Казахстану і Кыргызстану. Пра гэта ва ўстанове распавялі нашым літоўскім партнёрам з выдання Siena.

Ведамства пацвярджае, што расследаванне было распачата па падазрэнні ў абходзе санкцый у дачыненні да расейскай і беларускай драўніны, якую прывозілі ў ЕЗ, выкарыстоўваючы Казахстан і Кыргызстан у якасці прыкрыцця для рэальнага паходжання прадукцыі.

«У студзені 2023 года, западозрыўшы, што ў Літоўскую Рэспубліку маглі быць увезены санкцыйныя лесаматэрыялы, Дзяржаўнае ўпраўленне па абароне правоў спажыўцоў накіравала ў Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў запыт аб прадстаўленні спіса кампаній, якія імпартавалі лесаматэрыялы з Кыргызстану і Казахстану, каб пачаць расследаванне магчымых парушэнняў санкцый шляхам увозу лесаматэрыялаў праз пасярэднікаў. Атрымаўшы спіс кампаній, Дзяржаўнае ўпраўленне па абароне правоў спажыўцоў неадкладна пачало расследаванне, якое ў цяперашні час інтэнсіўна працягваецца», – гаворыцца ў пісьмовым каментары Дзяржаўнай службы па абароне правоў спажыўцоў.

У службе не могуць назваць канкрэтныя кампаніі. Паводле Siena, сярод кампаній, у дачыненні да якіх вядзецца расследаванне, не адна і не дзве кампаніі, чыя роля ў схемах імпарту драўніны была раскрытая ў журналісцкіх расследаваннях Siena.

«Цяпер Дзяржаўнае ўпраўленне па абароне правоў спажыўцоў мае даныя аб 95 кампаніях, якія маглі імпартаваць санкцыйную драўніну ў Літоўскую Рэспубліку. У 4 кампаніях пачаты праверкі. (...) Атрыманыя дакументы і даныя цяпер аналізуюцца», – паведамілі ў ведамстве.

літоўская мытня
Крыніца: Aina.lt

Пакуль рана казаць аб тым, ці будуць сабраныя дадзеныя мець склад злачынства. Аднак у службе не выключаюць такой магчымасці.

«Калі будзе ўстаноўлена, што дзеянні, учыненыя ў правераных кампаніях, маюць прыкметы крымінальнага злачынства, матэрыялы расследавання будуць перададзены ў Генеральную пракуратуру», – гаворыцца ў каментары.

Акрамя таго, той факт, што Дзяржаўная служба па абароне правоў спажыўцоў ацэньвае дзейнасць больш за дзевяць дзясяткаў кампаній, не азначае, што ўсе яны былі ўцягнутыя ў абыход санкцый.

Нагадаем, Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў расследаванне, у якім расказаў, што некаторыя прыватныя кампаніі выкарыстоўваюць шэрыя схемы, каб пастаўляць на еўрапейскі рынак беларускую драўніну праз Казахстан і Кыргызстан. Акрамя таго, у нас ёсць дадзеныя, якія ўскосна паказваюць на тое, што холдынг «Пінскдрэў» можа быць замешаны ў шэрых схемах паставак сваёй прадукцыі ў ЕЗ. І таксама праз азіяцкія краіны.

Акрамя гэтага, у расследаванні нашых літоўскіх партнёраў з выдання Siena гаворыцца, што падсанкцыйная беларуская і расейская драўніна, забароненая для ўвозу ў краіны ЕЗ, у Літве выкарыстоўваецца ў дзяржсектары.

У пачатку красавіка ў Літве заявілі, што ўзмацненне мытнага кантролю ў краіне дало вынікі: у 2023 годзе не будзе імпарту драўніны і лесаматэрыялаў з Казахстану і Кыргызстану.

Іншыя Навіны