Навіны

14 красавіка 2023

Выцек дакументаў Пентагону: Турцыя дапамагала Беларусі і Расеі абыходзіць міжнародныя санкцыі і абмяркоўвала гандаль зброяй з ПВК «Вагнэр»

Турцыя фактычна выконвала ролю пасярэдніка ў расейска-ўкраінскай вайне, выступаючы на баку Масквы.

У нашым распараджэнні апынуліся сакрэтныя амерыканскія ўрадавыя файлы, якія выцеклі ў Інтэрнэт. Дакументы маюць звесткі амерыканскай выведкі і Пентагону. У іх, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, сярод іншага паведамляецца аб тым, як Турцыя дапамагала Беларусі і Расеі абыходзіць міжнародныя санкцыі.

На адной са старонак гаворыцца, што ў Беларусі «турэцкія кампаніі закуплялі падсанкцыйныя тавары», а затым «прадавалі іх на еўрапейскіх рынках».

«Гандлёвы аташэ Турцыі ў Беларусі ў кастрычніку і лістападзе 2022 года паведаміў, што турэцкія кампаніі закуплялі падсанкцыйныя тавары ў Беларусі і прадавалі іх на еўрапейскіх рынках, перапрадавалі тавары з Еўропы ў Расею», – паведамляецца ў дакуменце.

Turkish President Recep Tayyip Erdogan (R) shakes hands with Belarusian President Alexander Lukashenko
Крыніца: Mustafa Kaya / Zuma Press / Forum

Пры гэтым выкарыстоўваліся пэўныя банкі, каб пазбегнуць пільнай увагі з боку Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай, якая ўнесла Турцыю ў так званы «шэры» спіс краін, якія знаходзяцца пад узмоцненым кантролем.

Акрамя таго, зыходзячы са сказанага ў дакуменце, Турцыя фактычна выконвала ролю пасярэдніка ў расейска-ўкраінскай вайне, выступаючы на баку Масквы. Так, паводле Пентагону, у лютым 2023 года нейкія «турэцкія кантакты» сустракаліся з ваеннымі ПВК «Вагнэр», каб абмеркаваць куплю абсталявання і зброі расейскімі наймітамі для «узмацнення груп у Малі і Украіне».

Пры гэтым, пра якія менавіта віды ўзбраення ішла размова, і ці ўдалося ПВК «Вагнэр» закупіць неабходнае абсталяванне, не ўдакладняецца.

Журналісты Politico і The Washington Post, якія таксама атрымалі доступ да дакументаў, звярнуліся да турэцкіх уладаў па каментар, аднак тыя адмовіліся абмяркоўваць гэтую інфармацыю з журналістамі. Прэс-служба заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына таксама ніяк не пракаментавала гэтую інфармацыю.

Іншыя Навіны