Навіны

03 красавіка 2023

Сунак, Макрон і Шольц. З кім ужо паспеў сустрэцца Зяленскі ў гэтым годзе і пра што яны дамовіліся?

Узгадалі, якія краіны паспеў наведаць Зяленскі за тры месяцы з пачатку года.

Кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі 5 красавіка прыедзе ў Польшчу на запрашэнне свайго калегі Анджэя Дуды. Вядома, што падчас візіту Зяленскі сустрэнецца з палякамі і ўкраінцамі, якія з-за расейскага ўварвання былі вымушаныя зʼехаць у Польшчу.

Паводле Марціна Пшыдача, кіраўніка бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі польскага прэзідэнта, гэты візіт Зяленскага ў Польшчу павінен быць асаблівым.

«Гаворка ідзе пра афіцыйны візіт, але будзе і элемент публічнасці. Прэзідэнт Зяленскі таксама хоча сказаць некалькі слоў палякам у кантэксце таго, што адбылося ў мінулым годзе, як палякі дапамагаюць Украіне, як яны дапамагалі ўцекачам на мяжы, пазней прымаючы іх у сваіх дамах – я думаю, гэта і ёсць мэта гэтай сустрэчы», – сказаў ён.

Пра што пойдзе размова на перамовах Зяленскага і Дуды, пакуль не паведамлялася. Але, улічваючы папярэднія сустрэчы прэзідэнта Украіны з кіраўнікамі іншых дзяржаў, можна меркаваць, што будзе абмяркоўвацца ваенная дапамога Украіне. Беларускі расследавальніцкі цэнтр узгадаў, якія краіны паспеў наведаць Зяленскі за тры месяцы з пачатку года, аб чым дамовіўся з іх лідарамі і якія абяцанні еўрапейскія партнёры Украіны ўжо выканалі.

Вялікая Брытанія

Владимир Зеленский с премьер-министром Великобритании Риши Сунаком в Киеве
Крыніца: UKRAINIAN PRESIDENTIAL PRESS SER

8 лютага Уладзімір Зяленскі прыбыў у Лондан, дзе сустрэўся з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам. Як распавядае DW, украінскі прэзідэнт і брытанскі прэмʼер-міністр абмеркавалі супрацу ў галіне абароны, рэалізацыю ўкраінскай «формулы міру», еўраатлантычную інтэграцыю Украіны, а таксама магчымасць прыцягнення брытанскага боку да пасляваеннага аднаўлення Украіны. Акрамя таго, яны падпісалі «Дэкларацыю адзінства Вялікай Брытаніі і Украіны». Гэты дакумент адлюстроўвае намер Вялікай Брытаніі і Украіны працягваць цесную супрацу для «умацавання нацыянальнай абароны, стрымлівання расейскай агрэсіі і пабудовы мірнай і квітнеючай будучыні».

Па выніках перамоваў Сунак папрасіў кіраўніка мінабароны Вялікай Брытаніі Бэна Уолеса высветліць, якія самалёты краіна тэарэтычна магла б перадаць Украіне. Таксама Сунак абвясціў, што Лондан паскорыць перадачу ваеннага абсталявання Кіеву, у тым ліку сістэмы большай далёкасці, а першыя брытанскія танкі Challenger-2 павінны быць перададзены Кіеву ў сакавіку 2023 года. Абяцанне, дарэчы, прэмʼер-міністр стрымаў, і 28 сакавіка стала вядома, што першыя танкі Challenger-2 прыбылі ва Украіну.

Францыя

Адразу пасля перамоваў у Лондане Зяленскі вылецеў у Парыж, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Эманюэлем Макронам і канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Як паведамлялася ў тэлеграм-канале Зяленскага, размова таксама ішла аб ваеннай дапамозе Украіне і пастаўках узбраення.

«Чым раней Украіна атрымае дальнабойную зброю, чым раней нашыя пілоты атрымаюць сучасныя самалёты, чым мацнейшай будзе наша танкавая кааліцыя, тым хутчэй скончыцца расейская агрэсія, і мы вернем Еўропе ўстойлівы мір», – гаворыцца ў пасце.

Пасля перамоваў міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што заходнія партнёры могуць паставіць Украіне першы батальён баявых танкаў Leopard-2 (пра іх пастаўкі дамовіліся яшчэ ў 2022 годзе) на працягу трох ці чатырох месяцаў з пачатку года. Па выніку, 28 сакавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што іх даставілі ва Украіну, як і Challenger-2.

Польшча

Завяршаючы сваю паездку па Еўропе Зяленскі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудой у польскім горадзе Жэшуве. Пра што канкрэтна гаварылі лідары і ці былі паміж імі дасягнуты нейкія дамоўленасці – невядома. У офісе Зяленскага пасля сустрэчы заявілі, што ўкраінскі прэзідэнт «праінфармаваў калегу аб бягучым стане спраў на фронце і прагнозах развіцця сітуацыі ў бліжэйшы перыяд», а таксама «распавёў аб актуальных абаронных патрэбах Украіны». На сайце канцылярыі польскага прэзідэнта паведамлялася, што «гутарка таксама тычылася запланаванай прэзідэнтам будучай дыпламатычнай дзейнасці і выбудоўвання парадку дня будучага саміту НАТА ў Вільні».

Іншыя Навіны