Навіны

07 красавіка 2023

Падсанкцыйную беларускую драўніну, увезеную з Азіі, у Літве выкарыстоўваюць у дзяржаўным сектары

Аб гэтым гаворыцца ў расследаванні нашых літоўскіх партнёраў з выдання Siena.

Падсанкцыйная беларуская і расейская драўніна, забароненая для ўвозу ў краіны ЕЗ, у Літве выкарыстоўваецца ў дзяржсектары: школах, самакіраваннях і нават на адным з прадпрыемстваў літоўскай чыгункі. Аб гэтым гаворыцца ў расследаванні нашых літоўскіх партнёраў з выдання Siena.

Як паказвае Siena, усе гэтыя ўстановы, самі таго не ведаючы, маглі закупляць паліўныя пялеты з Беларусі і Расеі, увезеныя ў ЕЗ праз краіны Цэнтральнай Азіі. У сістэме літоўскіх дзяржзакупаў журналісты знайшлі сярод пераможцаў тэндараў некалькі кампаній, якія ўвозілі тавары нявызначанага паходжання з Казахстану і Кыргызстану.

«Паводле нашых дадзеных, найбуйнейшым імпарцёрам паліўных пялет з Казахстану зʼяўляецца кампанія «Андэта», якая працуе ў Шальчынінкаі. Кампанія ўжо шмат гадоў займаецца дрэваапрацоўкай і нават можа пахваліцца сваім укладам у мерапрыемствы, прысвечаныя свабодзе Літвы», – гаворыцца ў расследаванні Siena.

нарыхтоўка драўніны
Крыніца: Alexander Ryumin / TASS / Forum

З верасня мінулага года кампанія выйграла тэндары на дзяржаўныя закупы на суму больш за 1,5 мільёна еўраў. І гаворка ідзе толькі пра тыя тэндары, дзе закупляліся выключна пялеты. Пастаўшчык «Андэта» – кыргызстанская кампанія «ДТРА», у якой працуе не больш за пяць чалавек. У мінулым годзе яна заплаціла каля 800 еўраў падаткаў.

Журналісты звярнуліся па каментар да кіраўніка кампаніі Ані Бурынскай. Аднак ніякай праблемы ў тым, што кампанія закупляе прадукцыю ў Цэнтральнай Азіі, яна не ўбачыла.

«Калі мы імпартуем з Казахстану, што агульнага ў нас з Беларуссю ці Расеяй?» – здзівілася яна.

«У гэтым годзе не фіксавалі ўвоз»

Мы звярнуліся ў прэс-службу Мытнага дэпартаменту міністэрства фінансаў Літвы, каб высветліць, як зараз ідуць справы з праверкай драўніны, якая ўвозіцца ў краіну. Па словах чыноўнікаў, з пачатку ўвядзення санкцый (1 сакавіка 2022 года) падсанкцыйныя тавары ў Літву не прапусцілі 27 тысяч разоў. Акрамя таго, было заведзена 970 адміністрацыйных справаў з-за невыканання санкцыйных мер. Пры гэтым размова, у гэтым выпадку, ідзе не канкрэтна аб драўніне, а аб усіх таварах, якія не прайшлі мытны кантроль.

«Варта адзначыць, што з пачатку дзеяння санкцый па драўніне ў Крымінальнай службе мытні заведзена 5 дасудовых расследаванняў па фактах абыходу санкцый па дадзеных таварах. Літоўская мытня зазначае, што цяпер, у 2023 годзе, яна не фіксавала ўвоз драўніны з Казахстану і Кыргызстану», – дадалі ў мытным дэпартаменце.

Іншыя Навіны