Навіны

31 сакавіка 2023

«Зброя варʼятаў». Як мянялася пазіцыя Лукашэнкі наконт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі

Пытанне аб тым, ці стане Беларусь калі-небудзь ядравай дзяржавай узнімалася ўжо ў 2003 годзе.

«У бягучай сітуацыі і ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол нашай краіны мной былі актывізаваныя перамовы з прэзідэнтам Расеі па вяртанні ў Беларусь ядравай зброі. Менавіта па вяртанні ядравай зброі, якая была выведзена ў 1990-х гадах», – заявіў 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Паводле Лукашэнкі, тады яго вымусілі адмовіцца ад ядравай зброі ў Беларусі, хаця ён быў супраць гэтага, бо на ўзбраенні былі «самыя сучасныя» ядравыя боегалоўкі «Таполя».

Лукашэнка таксама заявіў, што даручыў беларускім вайскоўцам аднавіць пляцоўкі, дзе раней размяшчаліся ракетныя комплексы «Таполя».

«Трэба будзе, мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды і стратэгічную ядравую зброю. І яны гэта павінны разумець, мярзотнікі, якія там за мяжой сёння спрабуюць узарваць нас знутры і звонку. Мы ні перад чым не спынімся, абараняючы свае краіны, свае дзяржавы і свае народы», – сказаў Лукашэнка.

Мы ўзгадалі, як мянялася рыторыка Лукашэнкі наконт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі.

вайсковыя вучэнні Расеі і Беларусі
Крыніца: Міністэрства абароны Расеі / TASS / Forum

Кастрычнік 2003

Пытанне аб тым, ці стане Беларусь калі-небудзь ядравай дзяржавай узнімалася ўжо ў 2003 годзе. Тады Лукашэнка назваў ядравую зброю зброяй варʼятаў.

«Да пытання, ці будзем мы ядравай дзяржавай ці не. Ведаеце, для мяне гэтага пытання няма. Я, як палітык, лічу: ядравая зброя – гэта зброя варʼятаў. Чаму? Таму што ядравая зброя ніколі не можа быць ужытая і яна ніколі не будзе ўжытая. Пакажыце мне таго чалавека, які дасць каманду націснуць ядравую кнопку. Я вам як прэзідэнт стаўлю пытанне: пакажыце таго варʼята – ні адзін. Таму што мала таго, што ён згарыць у гэтым агні, калі ён не дай бог, застанецца жывы – ён будзе адданы анафеме, яго рана ці позна, усё роўна на кавалкі разарвуць. Немагчыма ў чалавечым, псіхалагічным аспекце і ўвогуле немагчыма прымяніць ядравую зброю».

Красавік 2010 года

Праз сем гадоў Лукашэнка заявіў, што вывад ядравай зброі з Беларусі ў 1990-х гадах быў памылковым.

«Лічу, што вывад з Беларусі ядравай зброі на тых умовах, як гэта было здзейснена ў свой час нашымі нацыяналістамі, быў жорсткай памылкай. Мне прыйшлося падпісваць гэтую дамову, таму што дзявацца было няма куды: на мяне ціснулі і Расея, і амерыканцы – выводзьце, таму што паабяцалі. Калі б у нас была гэтая зброя, з намі б зараз па-іншаму размаўлялі», – заявіў Лукашэнка.

Кастрычнік 2014 года

Сённяшняя гаворка Лукашэнкі аб ядравай зброі шмат у чым паўтарае яго ж словы на прэс-канферэнцыі ў 2014 годзе.

«Амерыканцы з расейцамі (Клінтан з Ельцыным) падзялілі ядравую зброю і загадалі ўсім вывесці ядравую зброю туды, куды загадана. Тады настойвалі на тым, каб наша ядравая зброя (самая сучасная… тыя «Таполі», якія вы бачыце сёння, у Расеі іх часта паказваюць) была выведзена (самая перадавая тут была, у Савецкім Саюзе, ядравая зброя) на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Я ўжо дэ-факта змушаны быў выконваць тыя абавязанні, якія мы ўзялі. Але, можа, я ніколі пра гэта не казаў, але скажу: я быў катэгарычна супраць гэтага», – сказаў ён тады.

Лістапад 2021 года

У 2021 годзе Лукашэнка стаў публічна абмяркоўваць пытанне размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі, адзначаючы, што краіна гатова да гэтага, бо захавала ўсе склады, неабходныя для захоўвання такога віду ўзбраення. Нагодай для такіх абмеркаванняў паслужыла заява генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга аб магчымасці размяшчэння ядравай зброі ЗША ва Усходняй Еўропе. На пытанне аб тым, якая менавіта зброя можа быць уведзеная ў Беларусь Лукашэнка адказаў – найбольш эфектыўная.

«Тая ядравая зброя, якая будзе найбольш эфектыўная пры такім сутыкненні. Мы ж на тэрыторыі Беларусі да гэтага гатовы. Я як руплівы, прабачце, гаспадар нічога не разбурыў. Усе «хлявы» стаяць на месцы», – сказаў ён.

Люты 2022 года

Літаральна за тыдзень да расейскага ўварвання ва Украіну Лукашэнка заявіў, што ядравая зброя Беларусі не патрэбная пры адсутнасці прамых пагроз. Аднак, калі зʼявіцца такая неабходнасць, у краіне будзе размешчана «звыш ядравая» зброя.

«У выпадку неабходнасці, калі такія бязглуздыя, дурныя крокі зробяць нашы праціўнікі і супернікі, мы размесцім не толькі ядравую зброю, але і яшчэ звыш ядравую, перспектыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю», – сказаў Лукашэнка.

Сакавік 2022 года

Праз месяц рыторыка Лукашэнкі датычна ядравай зброі рэзка змянілася. Нягледзячы на ўсе папярэднія выказванні, у інтэрвʼю ў японскім тэлеканале TBS ён заявіў, што планаў аб размяшчэнні ў Беларусі ядравай зброі ніколі не было.

«Я не планую размяшчаць тут ядравую зброю, вырабляць тут ядравую зброю, ствараць і выкарыстоўваць яе супраць каго б там ні было. Такога ніколі не было ў планах беларускага кіраўніцтва і ў маіх планах», – сказаў Лукашэнка.

Жнівень 2022 года

У жніўні 2022-га Лукашэнка прызнаваў, што ўжо абмяркоўваў з прэзідэнт Расеі Уладзімірам Пуціным пераабсталяванне беларускіх самалётаў для нясення ядравай зброі.

«Мы некалі з (прэзідэнтам РФ Уладзімірам) Пуціным у Піцеры заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты для таго, каб яны маглі несці ядравую зброю. Вы што, думаеце, мы языкамі ляпаем? Усё гатова!» – заявіў ён.

Іншыя Навіны