Навіны

30 верасня 2023

Азотныя ўгнаенні з калійнага заводу. БРЦ знайшоў нестыкоўкі ў дакументах фірмы, якая маскуе беларускі карбамід пад узбекскі

БРЦ выкрыў схему кантрабанднага экспарту ўзбекскіх угнаенняў беларускага паходжання.

Пасля ўвядзення санкцый ЕЗ супраць «Гродна Азоту» беларускі карбамід на еўрапейскім рынку замянілі ўгнаенні з Узбекістана. Праўда, частка з іх толькі на паперы ўзбекскія. Насамрэч у Еўропу едзе ўсё той жа беларускі карбамід падсанкцыйнага прадпрыемства, замаскаваны з дапамогай фірмаў-пракладак пад прадукцыю з Узбекістана. У БРЦ паўсталі пытанні да дакументацыі на тавар адной з іх. Кампанія Milca Baltija па мытнай дэкларацыі купіла азотныя ўгнаенні ў калійнага заводу, які іх не вырабляе.

БРЦ выкрыў схему кантрабанднага экспарту ўзбекскіх угнаенняў беларускага паходжання. Партыю карбаміду закупіла літоўская кампанія Milca Baltija. Яе ўласнік — 23-гадовы беларус Раман Семяненя. 

У мытнай дэкларацыі на карбамід, які купіла Milca Baltija, пастаўка аформлена з дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабадскага калійнага заводу. Гэта значыць азотныя ўгнаенні набылі на калійным заводзе, дзе яны не вырабляюцца. 

Расследавальнікі БРЦ знайшлі і іншыя нестыкоўкі. У сертыфікаце якасці на тавар замест  «масавай долі біўрэта» — гэта кіслата з элементаў азоту, напісана  «масавая доля бюрэткі». Бюрэтка — лабараторны посуд для дакладнага вызначэння невялікіх аб'ёмаў газаў і вадкасцяў. Такая памылка, на думку прадстаўніка ініцыятывы  «Рабочы Рух» Юрыя Рававога, можа паказваць, што чалавек, які запаўняў дакумент, не знаёмы з вытворчасцю азотных угнаенняў. 

Месцам адгрузкі ўгнаенняў у арыгінале накладной для атрымальніка значыцца горад Ліда. Рававы адзначыў, што  «Гродна Азот» — гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.

Нягледзячы на памылкі і нестыкоўкі ў дакументацыі грузы Milca Baltija даязджаюць да атрымальнікаў. Гэтая і іншыя схемы, раскрытыя БРЦ, працуюць пры садзейнічанні дзяржаўных прадпрыемстваў Узбекістана.

Як менавіта, чытайце ў расследаванні «Акно ў Еўропу для  “Гродна Азоту”. Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства».

Іншыя Навіны