Навіны

05 красавіка 2023

«Не жадаюць злаваць Лукашэнку». Дарадца Ціханоўскай аб тым, чаму Зяленскі пазбягае сустрэч з беларускай апазіцыяй

Украінскія ўлады наўмысна пазбягаюць камунікацыі са Святланай Ціханоўскай і яе прыхільнікамі.

Дарадца Зяленскага па пытаннях аднаўлення і рэканструкцыі, прафесар Кембрыджскага ўніверсітэту Аляксандр Раднянскі ў інтэрвʼю выданню «Наша Нiва» заявіў, што ўкраінскія ўлады наўмысна пазбягаюць камунікацыі са Святланай Ціханоўскай і яе прыхільнікамі. Мы спыталі ў прадстаўнікоў Офісу Ціханоўскай, як яны гэта расцэньваюць.

«Святлана Ціханоўская, як і ўся беларуская апазіцыя, на жаль, не ва ўладзе, як вы разумееце, яна нічога не вырашае і не прадстаўляе Беларусь на афіцыйным узроўні. Гэтае пытанне, вядома ж, не высока знаходзіцца ў нашых прыярытэтах з пункту гледжання таго, чым мы павінны зараз займацца. Таму, на жаль, вось неяк зусім няма часу думаць пра Ціханоўскую. Мы цэнім той факт, што ёсць беларуская апазіцыя, але яна нерэлевантная на сёння», – заявіў Раднянскі у размове з беларускімі журналістамі.

У Офісе Ціханоўскай разумеюць логіку афіцыйнага Кіева. Але лічаць, што яна можа быць памылковай.

«Логіка ўкраінскай адміністрацыі вельмі зразумелая. Яны не жадаюць злаваць Лукашэнку. Ім здаецца, што калі яго не злаваць, не правакаваць, ён не нападзе. Але гэтак жа думалі да лютага 2022 года, і мы бачылі, чым гэта скончылася. Не хацелася б, каб кіраўніцтва Украіны наступала на тыя ж граблі», – заявіў Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Офіс Ціханоўскай будзе падтрымліваць Кіеў «незалежна ад таго, якія заявы будуць рабіць дарадцы Зяленскага».

Ён таксама не пагадзіўся з заявай Раднянскага аб тым, што беларуская апазіцыя нерэлевантная.

Святлана Ціханоўская
Крыніца: HANNAH MCKAY / Reuters / Forum

«Што да Святланы Ціханоўскай, то яна выйграла выбары з вялікай доляй верагоднасці, за яе прагаласавалі мільёны беларусаў, і ігнараваць гэты факт – недальнабачнасць, а то і проста неразуменне ўкраінскім кіраўніцтвам беларускай сітуацыі. У інтарэсах Украіны мець моцныя дэмакратычныя сілы і слабы рэжым Лукашэнкі», – упэўнены Вячорка.

Украінскія ўлады сапраўды не выказваюць асаблівага жадання сустракацца з Ціханаўскай. У кастрычніку 2022 года старшыня камітэту па замежных справах Вярхоўнай рады, сябра фракцыі «Слуга народа» Аляксандр Меражко патлумачыў у размове з журналістамі «Радыё Свабода», што Украіна не прызнае Святлану Ціханоўскую і Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі, бо «пазіцыя Ціханаўскай датычна Расеі і Пуціна не зʼяўляецца дастаткова дакладнай. Яна нібы баіцца назваць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, дакладна сказаць, што Расея – краіна-тэрарыст, агрэсар і вораг беларускага народу. Акрамя таго, у яе асяроддзі ёсць крыху сумнеўныя людзі». Тады ж ён заявіў, што «легітымным беларускім органам, з якім Кіеў мог бы весці дыялог», мог бы стаць полк Каліноўскага, які ваюе ў складзе ЗСУ, бо ягоныя байцы «сваімі дзеяннямі на фронце даказалі, што прытрымліваюцца праўкраінскай пазіцыі».

Пазней, у лютым 2023 года, на гэтую тэму таксама выказаўся дарадца Зяленскага Міхаіл Падаляк у інтэрвʼю Delfi. Паводле яго слоў, Кіеў не бачыць сэнсу развіваць адносіны з Ціханоўскай, бо не бачыць «выразнай антываеннай актыўнасці з боку апазіцыі».

«У Лукашэнкі бачым разуменне таго, як гэтая вайна развіваецца. Для яго максімальна небяспечна ў гэтай вайне прымаць яшчэ больш актыўны ўдзел, чым ён прымае зараз», – дадаў ён.

Тым не менш, у канцы лютага прадстаўнікі афіцыйнага Кіева ўсё ж такі пайшлі на кантакт з Ціханаўскай. Падчас сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ціханоўская наведала пастаянную місію Украіны пры АБСЕ і сустрэлася са старшынёй украінскай дэлегацыі Мікітам Патураевым.

«Яны [Ціханоўская і Патураеў – заўв.] абменьваліся меркаваннямі наконт сумесных дзеянняў, у першую чаргу, на міжнароднай арэне. Казалі пра расейскую і рэжымную прапаганду, якая спрабуе пасварыць і падзяліць украінцаў і беларусаў. Ціханоўская пагадзілася, што нельга гэтага дапусціць. Дамовіліся падтрымліваць сувязь і каардынаваць працу», – гаварылася ў прэс-рэлізе на сайце Ціханаўскай.

Іншыя Навіны