Навіны

30 сакавіка 2023

«Знайсці чалавека можна і без сімкі». Як беларускія сілавікі адшукалі ў Менску расейца Аляксея Маскалёва

Затрымалі з-за «невыканання лічбавай бяспекі».

«Ім займаюцца праваахоўныя органы», – так у пасольстве Расеі ў Беларусі пракаментавалі Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру інфармацыю аб затрыманні ў Менску расейца Аляксея Маскалёва.

Пазней МУС Беларусі пацвердзіла расейскім журналістам, што «грамадзянін Маскалёў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па запыце расейскай паліцыі».

Пра затрыманне ў Менску Аляксея Маскалёва стала вядома ў ноч на 30 сакавіка. Тры дні таму суд Тульскай вобласці прыгаварыў яго да двух гадоў калоніі за паўторную «дыскрэдытацыю» расейскай арміі, а па сутнасці – за антываенны малюнак яго непаўнагадовай дачкі. На прысуд мужчына не зʼявіўся, бо ўцёк з-пад хатняга арышту, пад якім знаходзіўся з 2 сакавіка, напярэдадні суда.

Па словах адваката Маскалёва Дзмітрыя Захватава, у Менску мужчыну затрымалі з-за «невыканання лічбавай бяспекі», бо знаходзячыся ў сталіцы Беларусі, Маскалёў уключыў свой мабільны тэлефон.

Аляксей Маскалёў
Крыніца: AP / East News / Аляксей Маскалёў

Беларускі расследавальніцкі цэнтр спытаў у юрыстаў, у якіх выпадках беларускія і расейскія сілавікі выдаюць адзін аднаму людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе, а ў заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака і кіраўніка ByPOL Аляксандра Азарава – як менавіта беларускія сілавікі змаглі пры дапамозе тэлефона Маскалёва вылічыць яго месцазнаходжанне.

Затрымаць могуць яшчэ да афіцыйнага запыту аб выдачы

Парадак узаемнай выдачы грамадзян паміж Беларуссю і Расеяй рэгулюецца артыкуламі 66-90 Кішынэўскай канвенцыі, тлумачаць юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub. Пры гэтым затрымаць беларуса ў Расеі ці расейца ў Беларусі могуць яшчэ да паступлення афіцыйнага запыту аб выдачы.

«Выдача здзяйсняецца на падставе запыту і выдача магчымая толькі ў тым выпадку, калі за гэтае злачынства ў абедзвюх краінах прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не менш за 1 год (альбо па прысудзе суда прызначанае пакаранне ў выглядзе не менш за 6 месяцаў пазбаўлення волі). Важна разумець, што вышук, затрыманне і заключэнне пад варту могуць ажыццяўляць яшчэ да афіцыйнага паступлення запыту аб выдачы. Для гэтага дастаткова даручэння зацікаўленага боку (адпраўлены ён можа быць у электронным выглядзе або, напрыклад, па факсе)», – кажуць юрысты.

Вядома, затрыманы ў Беларусі расеец можа абскардзіць рашэнне і аб затрыманні, і аб выдачы. Аднак, паводле спецыялістаў, у апошнія гады поўнасцю ўсе тонкасці гэтай працэдуры не выконваюцца.

«На працягу некалькіх апошніх гадоў мы назіраем, што выдача можа ажыццяўляцца ўвогуле без усёй гэтай працэдуры, проста ва ўсіх працэсуальных дакументах у справе паказваецца, што затрыманне адбылося не на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а на сваёй тэрыторыі. Якой-небудзь рэакцыі на гэтыя відавочным чынам незаконныя дзеянні па такой «выдачы» ні на тэрыторыі Беларусі, ні на тэрыторыі Расеі не было. Таксама, зразумела, складана ўявіць, што Беларусь ці Расея ў цяперашнім сваім выглядзе адмовяць адзін аднаму ў выдачы з прычыны палітычнага ці іншага дыскрымінацыйнага пераследу, хоць Кішынэўская канвенцыя наўпрост прадугледжвае такую падставу», – распавялі ў LegalHub.

«Кантралююцца дзве рэчы: сім-карта і тэлефон»

Паводле адваката Маскалёва, мужчыну змаглі затрымаць, бо ён у Менску ўключыў свой мабільны тэлефон. Як патлумачылі Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру спецыялісты, вылічыць месцазнаходжанне чалавека можна не толькі па сім-карце, для гэтага дастаткова ведаць і якім менавіта тэлефонным апаратам ён карыстаецца.

«Калі ў спецслужбаў ёсць сімка, альбо IMEI (унікальны ідэнтыфікацыйны нумар, які прысвойваецца любой мабільнай прыладзе – заўв.) тэлефоннага апарата, то тут усё роўна, ён уключыць гэтую сімку ў іншым апараце або апарат проста ўключаць з іншай сімкай. Кантралююцца дзве рэчы: сім-карта і апарат. Як толькі ён іх уключае, гэта фіксуецца праз спецыяльныя праграмы, і такім чынам выдаецца яго лакацыя – дзе ён знаходзіцца, прыкладна сота. І тады ўжо можна ўключаць праслухоўванне альбо па IMEI апарата, альбо па сімцы. І ўжо шукаць яго і затрымліваць. Сота – гэта, прыкладна, круг у кіламетр », – тлумачыць кіраўнік ByPOL Аляксандр Азараў.

Пры гэтым IMEI прылады сілавікі могуць вызначыць выдалена.

«IMEI рэгіструецца ў пары з вашай сім-картай. І гэтых дадзеных ужо дастаткова. Гэта значыць, вы ўставілі сім-карту, якая належыць вам, тэлефон зарэгістраваўся ў сетцы і па двух вось гэтым фактарам адразу відаць, што гэта ваш тэлефон. Калі вы паставілі іншую сім-карту, альбо з той жа сім-картай зарэгістраваліся ў іншай мабільнай сетцы, таксама зразумела, што гэта вы», – кажа заснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак.

Пасля гэтага, па словах абодвух экспертаў, сілавікі імгненна атрымліваюць сігнал аб прыкладным месцазнаходжанні чалавека, тым больш калі справа пастаўлена на кантроль. Пра што, дарэчы, казаў адвакат затрыманага Зміцер Захватаў, адзначыўшы, што «аперацыя па захопе Маскалёва была праведзеная на вышэйшым узроўні».

«Каб усталяваць канкрэтна, дапусцім, кватэру, гэта трэба праводзіць іншыя спецыяльныя мерапрыемствы. Ёсць такія машыны, якія вызначаюць з дакладнасцю да кватэры, дзе знаходзіцца гэты тэлефонны апарат, – адзначыў Азараў. – Імгненна кантроль спрацоўвае».

«Улічваючы, колькі грошай укладзена за апошнія гадоў 10 беларускімі сілавымі структурамі ў тэхнічнае абсталяванне, я думаю, што там ёсць нейкія кітайскія праграмы, якія даюць магчымасць гэта рабіць у рэжыме рэальнага часу», – дадаў Стрыжак.

Акрамя мабільнага тэлефона, на чалавека, які расшукваецца, можна выйсці праз праслухоўванне і вышук па арыенціроўках.

«Калі яны праслухоўваюць ягоны тэлефон, то зразумела куды ён ідзе, і ў прынцыпе яго можна пашукаць, калі ёсць прыметы, фатаграфія. Правесці вонкавае назіранне», – выказаў меркаванне Азараў.

Заснавальнік BYSOL падкрэслівае, што сучасныя магчымасці мабільнай сувязі і шчыльнасць яе ў вялікіх гарадах (базавых станцый) дазваляюць атрымаць дакладнасць знаходжання чалавека да некалькіх дзясяткаў метраў.

«Менск і Беларусь – гэта не самае лепшае месца, дзе можна схавацца ад пераследу расейскіх уладаў. Лепш бы ён зʼехаў куды-небудзь на Алтай. Ён увогуле быў бы там нікому не патрэбны і ніхто б там яго не шукаў. У глыбінцы Расеі схавацца нашмат прасцей, чым у Беларусі. Беларусь краіна кампактная, вельмі моцна насычаная камерамі назірання і сілавікі тут навучаныя ажыццяўляць палітычны вышук, таму гэтае самае неразумнае рашэнне ехаць з Расеі хавацца ў Беларусь. Тут дакладна знойдуць і дакладна выдадуць», – падсумаваў Андрэй Стрыжак.

Іншыя Навіны