Самы нізкі заробак кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні прапанавала «Лышчанская сярэдняя школа» Пінскага раёну.

У Беларусі рэзка вырасла запатрабаванасць кіраўнікоў па патрыятычным выхаванні ў каледжы, школы і іншыя адукацыйныя ўстановы. Беларускі расследавальніцкі цэнтр выявіў, што за тры месяцы служба занятасці размясціла 182 вакансіі.
Вакансіі службы занятасці Беларусі
Крыніца: Служба занятасці Беларусі

Прапановы аб рабоце сталі зʼяўляцца ў пачатку лютага 2023 года. Аднымі з першых іх сталі размяшчаць менскія каледжы, прапануючы заробак у раёне 700-1000 рублёў за поўную стаўку.

У шматлікіх вакансіях адным з абавязковых патрабаванняў пазначаны досвед службы ва ўзброеных сілах. Мы патэлефанавалі ў некалькі школ і каледжаў і прадставіліся байцом ПВК Вагнэра, які ваяваў ва Украіне, а зараз шукае працу. Амаль усе параілі нам адправіць рэзюмэ на пошту, але ў адной з менскіх школаў адразу паведамілі, што такі досвед падыходзіць.

«У нас абавязковае патрабаванне на гэтую пасаду – досвед працы ва ўзброеных сілах. Зразумела ўжо зараз, што ў вас ён ёсць», – сказала дырэктар сталічнай школы № 69 у адказ на пытанне, ці могуць узяць на працу байца ПВК Вагнэра з расейскім грамадзянствам, які ваяваў ва Украіне.

У некаторых вакансіях у якасці патрабавання ўказана сярэдне-спецыяльная адукацыя, а служба ў арміі альбо зусім не патрабуецца, альбо адзначана як рэкамендацыя.

Самы нізкі заробак кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні прапанавалі ў «Лышчанскай сярэдняй школе» Пінскага раёну Берасцейскай вобласці. За 0,25 стаўкі працадаўца гатовы заплаціць 139 рублёў за месяц. Прычым разглядаюцца кандыдаты толькі з вышэйшай адукацыяй і якія служылі ва ўзброеных сілах.

Больш за ўсё – да 1500 рублёў – гатовыя плаціць у менскай школе № 69. Менавіта ў гэтай установе гатовы наняць на працу найміта, які ваяваў ва Украіне.

Беларускія ўлады заняліся пытаннем патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі пасля масавых пратэстаў 2020-2021 гадоў. Улетку 2022 года з гэтай мэтай нават арганізавалі спецыяльныя патрыятычныя лагеры, у якіх дзеці знаходзяцца пад наглядам сілавікоў. Акрамя таго, з пачатку новага навучальнага года для беларускіх школьнікаў стварылі амаль 20 ваенна-патрыятычных клубаў, а ў навучальных установах афіцыйна зʼявілася пасада спецыяльнага ваенна-патрыятычнага выхавацеля.

Іншыя Навіны