Discreet Advisory Services заснаваў у 2016 годзе ў Манака Роджэр Герсан. Ён таксама валодае лонданскай юрыдычнай фірмай Gherson Solicitors. Праз яе можна было атрымаць брытанскую «залатую візу», таксама вядомую як віза TIER 1 (віза інвестара) за інвестыцыі ў памеры двух мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
Сайт Gherson Solicitors прапаноўваў паслугі ў межах гэтай схемы да снежня 2021 года, а ў лютым 2022 года ўрад Вялікай Брытаніі закрыў праграму інвестыцыйных віз з меркаванняў бяспекі. Паводле Transparency International «значныя сумы карумпаваных сродкаў, выведзеных з Кітая і Расеі» прайшлі праз гэтую праграму з моманту яе запуску ў 2008 годзе. Аднак у OpenDemocracy падкрэслілі, што не знайшлі доказаў, што ў Gherson Solicitors калі-небудзь спрабавалі задзейнічаць карумпаваныя грошы для гэтай схемы.
Некалькі супрацоўнікаў Gherson Solicitors, у тым ліку сам Герсан, працавалі ў кампаніі Discreet Law. У 2021 яе наняў Яўген Прыгожын, таксама вядомы, як «кухар Пуціна». Брытанскія юрысты спатрэбіліся яму, каб падаць у суд на заснавальніка Bellingcat Эліята Хігінса пасля таго, як у 2020 годзе Bellingcat апублікавала расследаванне аб Прыгожыне і яго бізнесе.
Фармальна Discreet Advisory Services у Манака і Discreet Law у Лондане розныя кампаніі ў розных юрысдыкцыях. Аднак у іх больш агульнага, чым адзін заснавальнік: у openDemocracy заўважылі, што яны выкарыстоўваюць ідэнтычныя тэксты на сваіх сайтах.