«Відавочна, што дасягнутыя паміж прэзідэнтамі дзвюх краін прарыўныя дамоўленасці дазволяць вывесці нашую супрацу на якасна новы ўзровень. Адной з такіх дамоўленасцяў было адкрыццё пасольства Рэспублікі Зімбабвэ ў Рэспубліцы Беларусь. Усе фармальнасці завершаны, і сёння мы можам афіцыйна абʼявіць аб пачатку яго працы», – сказаў Алейнік пасля перамоваў з зімбабвійскім калегам Фрэдэрыкам Шавай.
Ён таксама падкрэсліў, што абодва бакі «задаволены дынамікай развіцця палітычнага дыялогу».
Пры гэтым, нягледзячы на заявы Алейніка аб пачатку працы пасольства, офіс дыппрадстаўніцтва яшчэ не адкрыты, а яго адрас у МЗС Беларусі, куды звярнуўся Беларускі расследавальніцкі цэнтр, пакуль назваць не могуць.
«Справа ў тым, што зараз працы скончаныя, месца вызначанае, але на дадзены момант працягваюцца некаторыя працы ўнутры будынку. І як толькі ўсе працы будуць завершаныя, афіцыйна абвесцяць пра адкрыццё, адрас і ўсе астатнія дадзеныя», – распавялі БРЦ у прэс-службе МЗС Беларусі.
Пасольства Беларусі ў Зімбабвэ зʼявілася таксама не так даўно – у ліпені мінулага года, а паслом быў назначаны Аляксандр Сідарук. Падчас свайго візіту ў краіну ў студзені 2023 года, Лукашэнка нагадаў пра гэта падчас сустрэчы з Мнангагва і заявіў, што чакае кроку ў адказ.
Беларусь і Зімбабвэ ўжо не першы год звязваюць не толькі дыпламатычныя адносіны. Як паведамляла БелТА, у кастрычніку 2022 году намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык заявіў, што Беларусь і Зімбабвэ ўзгаднілі пастаўку «3500-3750 трактароў рознай магутнасці». Паводле яго, тэхніка будзе перададзеная ў рамках праграмы па механізацыі фермерскіх гаспадарак. Па ёй Беларусь ужо перадала афрыканскай краіне больш за тысячу трактароў.
А да гэтага неназваная беларуская кампанія выйграла ў Зімбабвэ тэндар на будаўніцтва сонечнай электрастанцыі магутнасцю 100 МВт у раёне невялікага мястэчка Нортана. Як пісалі зімбабвійскія медыі, са спасылкай на міністра інфармацыі краіны Моніку Муцвангва, праект ацэньваюць у $125,5 млн.
У 2021 годзе, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, сын алігарха Віктара Шэймана Сяргей займаўся ў Зімбабве разведкай залатых руднікоў разам з «гаманцом» Лукашэнкі Аляксандрам Зінгманам. Апошні, дарэчы, быў прызначаны ганаровым консулам Зімбабвэ ў Беларусі.
Асабліва ўзаемаадносіны Зімбабвэ і Беларусі ўмацаваліся, калі ў 2021 годзе Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць Менску. Як пісалі Banki24, за 4 месяцы 2022 года тавараабарот з Зімбабвэ вырас на 67,8% і дасягнуў $20,4 млн. Пры гэтым, паводле слоў Пархомчыка, з 2018 года абʼёмы гандлю з Зімбабвэ выраслі ў 7 разоў.