Навіны

16 чэрвеня 2023

У Беларусі 135 «экстрэмісцкіх фармаванняў». БРЦ даведаўся, хто часцей за ўсё трапляе ў гэты спіс

Першае «экстрэмісцкае фармаванне» – абʼяднанне працоўных «Рабочы рух» – у спісе зʼявілася 21 верасня 2021 года.

9 чэрвеня МУС Беларусі прызнала партал «Зеркало» экстрэмісцкім фармаваннем. Медыя стала 135-м у спісе. БРЦ прааналізаваў пералік і высветліў, хто туды трапляе найчасцей.

Тэрмін «экстрэмісцкае фармаванне» у беларускім заканадаўстве прапісалі ў 2021 годзе, калі прынялі новую версію закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Калі коратка, ён абазначае групу грамадзян, якая займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, альбо садзейнічае гэтаму, фінансуе яе.

Першае «экстрэмісцкае фармаванне» – абʼяднанне працоўных «Рабочы рух» – у спісе зʼявілася 21 верасня 2021 года. Да канца года ў пералік унеслі яшчэ 26 пунктаў, у 2022-м – 80, а да сярэдзіны чэрвеня 2023 – 28.

Больш за ўсё ў ліку экстрэмісцкіх фармаванняў Telegram-каналаў і чатаў – 55%. Сярод іх – чаты і каналы заводаў, гарадскія групы, у назвах якіх ёсць, да прыкладу, «97%». У спіс патрапіў нават чат з бяскрыўднай назвай «Валейбол па выходных».

На другім месцы – СМІ і інфармацыйныя рэсурсы, якія выконваюць такую функцыю, але не зарэгістраваны як СМІ. Іх 9%. У спісе таксама ёсць розныя абʼяднанні і прафсаюзы: «Беларускі незалежны прафсаюз РЭП», «Беларуская Рада культуры», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «SOS-BY – Вольнае абʼяднанне спартоўцаў Беларусі» і іншыя.

У студзені 2023 года да экстрэмісцкіх фармаванняў прылічылі нават музычны гурт з Рагачова Tor Band. Падчас пратэстаў у 2020-м іх песні сталі вельмі папулярнымі. У гэтым жа спісе апынуўся гурт Xinkalik, створаны ў Zello. Гэта дадатак-рацыя, з дапамогай якога кіроўцы арыентуюцца ў сітуацыі на дарогах. У ім можна ствараць групы і размаўляць. На момант прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем» у групе Xinkalik было 5 чалавек.

Іншыя Навіны